Як толькі яны вышлі на вуліцу, іх нагнаў настаўнік Плаха.
— А-а! Я дык ледзьве вас знайшоў, — выгукнуў ён, забягаючы ўсім наперад і па чарзе вітаючыся. — Мне цікава пабачыць Сідора… — Здароў, брат! Як і што ў цябе? Ці надоўга да нас?
— А вось, пагляджу, як спадабаецца… Спадабаецца больш — прабуду даўжэй, а не спадабаецца — хутка ўцяку, — адказаў Сідор.
— Гэ-э! У нас ня горай, як усюды, — падаў Плаха.
— Да горай ужо нідзе ня бывае. Усюды роўна — усюды горай. Адны парадкі — адны законы… Чаго тут лепшага шукаць.
— Пэўна! Праўду кажаш, браток, — згадзіўся Плаха, ня думаючы, да чаго кажа.
У гутарцы прыняла ўдзел уся кампанія. Але меней усіх выказваўся Андрэй. Таксама рэдка закідала словы й Марыля, якая больш слухала Сідора. Апошні, скора яна яго ўгледзела, паказаўся ёй дужа прыемным і прыгожым, і яго словы здаваліся ёй ад пачатку да канца праўдзівымі. Калючкі і ўпінкі ў Сідоравай гутарцы, накіраваныя на савецкі лад і яго парадкі, падабаліся Марылі яшчэ й таму, што яна таксама не спагадала бальшавіком… На кожны выказ Сідора Марыля адказвала ўхмылкаю і лісьлівым зазіраньнем яму ў твар. Гэта з свайго боку заахвочвала Сідора на большую адкрытасьць у сваёй гутарцы.
Гэтак гутарачы, яны прайшлі ў канец усю вуліцу й павярнулі назад.
— Ну, хіба цяпер разыдземся, а пасьля сыдземся зноў… калі не прагоняць, то ў Марылі Палікараўны, — парадзіў Сідор.
— Што вы, аброць вам на язык, — перапыніла Марыля.
— Добра, добра, — згадзіўся Паўлюк.
Параўняўшыся з перавулкам, яны разышліся, хто куды.