— Вось куды мы вас завабілі, — пажартаваў Плаха, заварочваючы ў двор.
— Праўда, што завабілі!
Яны прайшлі ў хату.
Звычайная мяшчанская хата Слояў выглядала чыста і акуратна прыбранай. На покуце вісела блішчастая ікона, убраная белымі фіранкамі, а перад ёю лямпадка. На дваровай сьцяне вісела вялікая люстра, а на вулічнай — гадзіньнік.
У мыцельніку на лаўцы, склаўшы на прыпол рукі, сядзела Слоіха Агнэса, маці Марылі, і ўмільна пазірала на покуць, дзе наўкол стала сядзелі Андрэй, Паўлюк, Мірон — быўшы валасны пісар, а цяпер дзелавод у лясьніцтве, і Габрусь — коопэратар, а перад люстрай вярцелася Марыля з таварышкаю, таксама настаўніцаю, Варвараю Касач.
Сідор, пераступіўшы парог, павітаўся перш нізкім уклонам з Агнэсаю, пасьля весела паціснуўся рукамі з Паўлюком і Андрэем.
— А вось і мая таварышка — Варвара Касач і таварышы — Мірон Бізун і Габрусь Пуга, — паказала Марыля на Варвару, Мірона й Габруся.
Марыля першая з прыскокам працягнула Сідору руку, сарамяжа ўхіліла голаў і расплылася ў адкрытую ўсьмешку… Далей Сідор пазнаўся з Міронам і Габрусём.
— Тут у вас цэлая зборня. Больш нічога й ня трэба, — падаў Сідор комплімэнт.
— А такі й гэтак, — пасьпяшыла згадзіцца Варвара.
— Сядайце, вось, Сідор Гарасімыч, — папрасіла Марыля.
Сідор прысеў пры ражку стала, выняў партабак і закурыў цыгарку.
— А ўсё-ж, скажу вам, — пускаючы рызыкоўна дым убок ад стала, пачаў казаць Сідор, — мне падабаецца вось гэткая кампанія. Сабе зьбярэшся сваёю хэўраю, шчыра пагутарыш пра што захочаш, павесялішся ўспамінамі — і часу шмат адшвырнуў. Усё менш жыць у гэтым пекле, якім цяпер стала наша жыцьцё… Ці-ж ня праўду кажу?