— Годзе сварыцца — дайце гадзіцца, — жартліва падсказала яна да ўсіх.
І, бачачы, што хлопцы зарухалі з-за стала, дадала:
— Не палохайцеся, ша! Як сядзелі, так і заставайцеся сядзець.
Па чарзе — Андрэя, Плаху і Сідора, яна вярнула за стол.
— Навошта-а гэта, цётка? — сумеўся Андрэй, калі Агнэса прынесла на стол яшчэ адну пасудзіну з закускаю.
— Вось маўчы. Я захацела пагадзіць вас. Навошта вам спрачацца? Усе — таварышы, — адказала рэзвая Агнэса.
— Го, цётачка, нас ужо цяжка пагадзіць, — нясур’ёзна завёў Габрусь.
А каб цябе халера ўзяла!.. Беларус ты заядлы… Няўжо такі ты не адкараскаешся ад свае беларушчыны няшчаснай?
— Тады, калі Сідор кіне быць яе ворагам…
Сідор пусьціў па твары лёгкую ўсьмешку і нічога не адказаў.
— Ну, расьселіся… Вось цяпер — за наша здароўе вып’ем па кілішку, — наліваючы з бутэлькі наліўку, выказала Агнэса. — Як-бы й ведала, што госьці будуць. Захавала яшчэ з восені.
— Умееце хаваць! — пажартаваў Паўлюк, — то-б то на мяне — ня выстаяла-б столькі!
— Ды ўжо ты вядомы чалавек! — уставіла Варвара.
— Не чакайце, не чакайце, сынкі. Вазьмеце, калі ласка, — упрашвала Агнэса.
Паўлюк першым узяў чарку, падняў яе і сказаў да ўсіх:
— Гэта-ж цяпер — золата. Гэта — Эвіна яблычка. Чаго тут пазіраць на яе?
І выпіў.
За ім апаражнілі свае чаркі і ўсе прысутныя. Агнэса, не даючы адгону, наліла па другой, а сьледам і па трэцяй. Наліўшы, яна над кожным настойвала выпіць, то ўгаварваючы, то пужаючы.