мелкий дождичек». Ёй сталі падцінаць Агнэса, Марыля й Паўлюк. Сідор, Андрэй і іншыя сядзелі моўчкі, кожны думаючы сваё.
— А вы-ж, чаго маўчыцё? — пяючы запытала Агнэса, — пасабляйце пяяць.
Сідор як-бы гэтага й чакаў, падняўся й вышаў з-за стала. Пасьля паглядзеў праз фіранку ў вакно на вуліцу і прайшоў па хаце.
— Цікава, як позна? — абярнуўся да яго Плаха.
Сідор выняў загарак, паглядзеў і адказаў:
— Другая гадзіна.
— Го-о-о! Чуў, Андрэй? Ці не пара зьбірацца дахаты? — абярнуўся Плаха да Андрэя.
Той таксама выйшаў з-за стала на хату.
Гэты іх рух зьвярнуў на сябе ўвагу Агнэсы й дзяўчат, і тыя кінулі пяяць ды зьвярнуліся да хлопцаў.
— Куды вам сьпяшыць? Яшчэ рана. Ночы вялікія. Гуляйце! Андрэй, Макар, Сідор!
— Не, я ўжо не магу, — запэўніваў Андрэй, — трэ’ яшчэ сёньня даклад напісаць. Дзякую, цётачка, за ўсё, прабачайце! Ужо ў суботу нагонім за гэта… Абрыдаем вам.
— Ды чакай, не разладжвай кампаніі, — хапіла гаспадыня Андрэя за рукаў.
— Не, не, цётачка, я мушу пайсьці… — адказаўся Андрэй.
— Ну, дык хай сабе ён ідзе, — абярнулася Агнэса да ўсіх, — а вы, хлопцы, астанецеся пакуль… Яму — што-ж, як міністру асьветы, больш клопатаў, а вы…
— І я пайду, — падаў Плаха.
— І я, — далучыўся Габрусь.
— Што вы, чаго гэта!? — накінулася на іх Агнэса.
— А мы, Сідор, давай астанемся яшчэ!? Цётка, хай сабе яны йдуць! Можа хопіць і нас? — пажартаваў Паўлюк.
Андрэй, Плаха й Габрусь разьвіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыню за пачостку й выйшлі з-хаты.
Марыля іх правяла ажно да вешніц.