Ззаду, на другім ложку хроп яго швагер, муж сястры, а Сідор трывожна прыслухоўваўся, баючыся, каб ён ня ўстаў і не далучыўся да другіх. З вялікім натугам стараўся Сідор адцягнуць думкі ў іншы бок, занядбаць здань, і тады, калі гэта ўдавалася яму, ён спатыкаўся з зачарованай дзядзінай варожасьці, якая таксама прыгнятала яго душу.
Толькі на досьвітку Сідор супакоіўся й заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў.
Ён прачнуўся а дзесятай гадзіне. Сястра ўжо паліла ў печы, а швагер дзесь увіхаўся з гавядаю. На вуліцы было хмарна і ў хаце цёмна. Гэта горшыла Сідораў настрой. Каб гэта ня ў чужой хаце, ён-бы не падняўся сёньня з пасьцелі праз цэлы дзень. Але ніякавата перад шваграм, з якім — хто яго ведае? — як яшчэ прыдзецца растацца.
— Сідор, ты ўжо ня сьпіш? — запытала сястра з мыцельніку, убачыўшы, як Сідор паварушыўся.
— А ўжо! — адказаў ён.
— Ну, ці-ж патрапіў учора адчыніць? — задала Сідору другое пытаньне сястра.
— Чаму не патрапіў.
— А як спалася?
— Дрэнна…
— Чаго?
— Проста так… Не ўпадабалася мне тут. Зусім ня тое, чаго чакаў. Трэба хутка вас пакідаць…
— Чаму?
— Ды так! Гэтае дабро я і ў сваім горадзе знайду.
— Ды кінь ты мудрыць… Чаго табе трэба асобнага? — разуважыла яго сястра.
— Мне трэба… Я проста думаў: спаткаю сваіх старых прыяцеляў, падзялюся з імі старымі думкамі, час весела правяду… А тут усе былыя прыяцелі — цяпер ворагі…
— Ня думаю, каб усе, — разуважыла йзноў Юста.
Далей Сідор не казаў, бо ў сенцах бразнулі дзьверы. Ён пасьпешна саскочыў з ложка й пачаў адзявацца.
Хутка ў хату вайшоў Юрка.