Назаўтра а першай гадзіне, толькі Сідор пасьпеў паабедаць, да яго прышла настаўніца Марыля Слой.
— Ну, пойдзем на конфэрэнцыю, Сідор Гарасімыч, — яна пазвала яго.
— Мо’-ж яшчэ рана? — запытаўся Юрка, Сідораў швагер.
— Не! Як ішла да вас, то бачыла — мужчыны ўжо йшлі.
— А! Трэба йсьці й мне, — сказаў Юрка.
— І табе?! — зьдзівіўся Сідор. — З якое-ж ласкі табе? — запытаў ён швагра.
— Як, з якое ласкі? Наш Лагчынны раён выбраў мяне ўпаўнамоцным. Быў надоечы сход і выбраў мяне ды яшчэ двох суседзяў.
— Ого! Каб яшчэ ды ён дзе прапусьціў! Гэта-ж, на яго ліха, так ударыўся ў бальшавіцтва, што няма рады… Бяду нацягае на дом. Вось прыйдуць палякі ці хто іншы, дык ліха-ведама, што рабіцьме. А думаеш, ён шманае аб чым? Каб ён так жыў… І колькі ўжо ўшчуваю яго й колькі сваруся на яго — хоць-бы што! — размахваючы рукамі й прытоптваючы нагамі, ушчувала Юрку жонка.
А Юрка, не шманаючы на жончыну гняўлівасьць, здавольна пасьмейваўся. Калі-ж тая скончыла яго спавядаць, ён пакруціў галавою, зацягнуўся папяросаю й сказаў:
— Цудная ты, зусім цудная! Гаворыш — сама ня ведаеш што. Няўжо табе галава баліць аб тым, што я раблю? Або чым табе пашкодзіла савецкая ўлада, што ты на яе гаўкаеш заўсёды? Палякоў шкадуеш? Забралі сьвіньню, дык хацела-б, каб і карову ім убавіць!.. Эх, баб’ё, баб’ё! Многа яшчэ вас трэба вучыць.…
Выказаўшы гэта, Юрка адзеў кажух і вышаў з хаты. Юста вожыкам паглядзела ўсьлед мужу і яшчэ не дала яму выйсьці з сянец, як пачала йзноў спавядаць яго за бальшавіцтва.