— З богам, таварыш! Жадаю посьпеху! — пажадаў запытаўшы, сам здаволены тым, што яго мінула гэта.
— Дзякую, браток! — падзякаваў Панкел і выйшаў на двор.
А на дварэ, ці ўжо пад уплывам зорнай ночы, ці пад націскам шчырага пажаданьня таварыша, які адзін загутарыў з ім у казарме, Панкел нібы ажыў, абадзёрыўся; нахлынулі сьвежыя думкі й пачуцьцё.
— Куды-ж гэта йсьці? Ды ці варта наогул куды йсьці?
Сумненьне выбілася напаверх думак.
— Панкел! Сюды! — пазваў яго голас з-за варот.
— Я! — скорамоўна адгукнуўся Панкел.
— Ідзем хутчэй, ужо ў зборы, чакаюць.
Панкел здрыгануўся, але паслушна пакіраваў у вароты. Вартавы, не запытаўшыся, прапусьціў яго на вуліцу. А на вуліцы ля сьцяны стрэў Панкела пасланец, які яго спыніў і штосьці прашапцеў, паказаўшы рукою наперад. Прастаяўшы з хвілю-другую, троху пашаптаўшыся, яны крануліся і пайшлі. Ішлі праз нейкі пляц, ці проста гала, праз два завулкі, крывыя, вузкія й няроўныя, і хутка выйшлі да нейкага будынку, у вокнах каторага сьвірэў агеньчык і мітусіліся людзі. На вуліцы-ж, перад ганкам будынку, ужо ў парадку стаялі ўсе йдучыя ў «разьведку».
Панкела пасланец прывёў да задняга раду, паставіў яго поруч з нейкім таварышам, а сам пабег у будынак. Панкел паслушна стаў, агледзеўся вакол, азірнуў суседзяў; хацеў перамовіцца з адным, але, раз таму, што ў змроку не разгледзеў добра, а другі раз, затым, што тыя маўчалі, ён нічога не сказаў і спакойна, да акамянеласьці спакойна, стаяў.
У пярэдніх радох ішла ціхая гамонка, даваліся нейкія распараджэньні, напэўна самім Провам — добра Панкел не расчуваў. Ды ўпраўду, ён і не стараўся прыслухоўвацца. Ім апанавала нейкая дзеравяная нядбайнасьць, бясьцікаўнасьць да ўсяго, што рабілася перад ім: праўда, хвілінамі ў душу Панкела пранікала цяжкасьць, горнасьць, і гідлівасьць. Разам з тым выблісквалі сумненьне, неспакой і трывога, якія падпаль-