А вунь у тым куту паставіць печ — і цэлая кватэра… Пэўна, трэба палажыць трохі часу і працы, пакуль прывясьці ў належны лад. Вы ўжо выбачайце…
Ладымер пакорпаў нагою пыл на падлозе і зьдзіўлена пакруціў галавою:
— Тут ня трохі, а многа трэба часу й працы палажыць! Але, што-ж зрабіць. Я люблю папрацаваць… Добра, няхай будзе за мною… А пакуль, дзён тры, пэўна-ж, ня выганіце адтуль, — праказаў ён.
— Чаго! Тым болей, што я ўверан, што вы хутка ачысьціце тут! Я вам людзей дам… Так… Ну, дык вось вам ключ, — упраўляючы перадаў Ладымеру ключ. Той замкнуў каморку, і пайшлі з упраўляючым уніз.
— Цяпер давайце пойдзем на паравік, — запрапанаваў Парог.
— Давайце.
Яны вышлі праз парадны ход на дзядзінец.
Цёплае яскравае сонца так і абдало іх сваім праменьнем, і асьляпіўшы вочы пасьля цёмнага калідору і ўсходу на другі паверх, кудэю яны прайшлі.
На дзядзінцы бегалі дзеці ў доўгіх шарачковых забруджаных кашулях, гергаталі гусі, шчыпаючы зялёную мураўку паўз плоту і давольнымі валяліся ў пяску поўгадавалыя парасяты.
Ладымер з цікавасьцю, вартаю клапатлівага гаспадара, пазіраў на бесклапотныя стварэньні, зусім ня слухаючы Парога, які тлумачыў яму пароду гусей, вартасьць сьвіней і будучую ад іх карысьць для саўхозу і рэспублікі.
— Бязумоўна, гэта карысная рэч — жывёлаводзтва, — компэтэнтна заўважыў нарэшце Ладымер, адвярнуўшыся к Парогу: — Трэба разводзіць, я — прыхільнік гэтага.
Сказаўшы, ён павярнуў голаў направа к будынку, дзе начаваў, і ўгледзіў, што пад вакном стаіць канторшчык, а ў вакне яго жонка, гутарачы між сабою. Ладымер перш зьдзівіўся і дапусьціў колкую думку, але тут-жа быў адцягнут словамі Парога: