— Я… ды мы ўсе сяго-таго зьелі пакрысе. Я дастала малака, а яец і сала троха было, і сьпякла яешню, а то наварыла заціркі.
— А Паўлусік як гуляе?
— Даўно я яго абвадзіла па ўсім дзядзінцы; ён усё прасіўся к табе…
— А чаму-ж не ўзяла?
— Пасьля ён найшоў кампанію і не захацеў ісьці… Там з ім маці. А я з таварышам Цыбуліным прыйшлі сюды, каб разам пайсьці аглядзець саўхоз… Хадзем-жа, чаго тут марудзіш…
— З Цыбуліным? — папракнуў Ладымер і раптам, каб не стварыць гэтым папрокам абвостраных стасункаў у неналежным месцы, перайшоў на другое. — Паглядзі, Акіліна, які добры тэатр будзе. Я проста адарвацца не магу; тут трыста чалавек памесьціцца… Гатуйся — хутка мусіш вывучваць ролю.
Прапусьціўшы першае слова мужа, Акіліна наконт тэатру адказала:
— Ды я ведаю, цябе й цягнула ў Скуплі для гэтага… Не зацягайся пакуль у тэатры, перш давай адглядзецца, уладаваць з кватэраю, прыняцца за работу, а тады ўжо тэатры…
— Кватэра ёсьць, толькі што аглядалі; прыбяруць трошкі — і можна будзе перасяляцца… А з работаю таксама не апозьнімся.
Акіліна размаўляла з мужам і бясьціханна наглядала за Цыбуліным, які на ганку аб нечым перагаварваўся з Парогам. Хвошчучы дубчыкам па гэтрах, Цыбулін здавальняюча ўсьміхаўся і касіў вачыма праз дзьверы ў залю, кірункам да Акіліны.
— Таварыш Ложка, давайце пойдзем на паравік! — пазваў упраўляючы Ладымера і пайшоў першым з ганку. Цыбулін, мінутку пачакаўшы, пайшоў за ім. Павярнула да выхаду і Акіліна, пазваўшы мужа:
— Ідзем, Уладзя, абгледзім і пойдзем, я згатоўлю сяго-таго перакусіць. А мо’ наперад зробім гэта, а?
— Не, пасьля.