— Калі-ж ты паедзеш у Кругі? — дапытвала Акіліна Ладымера і тут-жа выспрабоўвала яго:
— А, можа, чуеш, ня варта табе езьдзіць у мястэчка? Пачакай нейкі час, а ну-ж зьбярэцца больш спраў.
Хітра падыходзіла яна да яго і паглядала яму ў вочы, гадаючы аб адказе.
Ладымер памаўчаў і рашуча адказаў:
— Я не за аднэю справаю паеду; бачыш, трэба пячніка наняць, каб зрабіў групку ў кватэры, шкла трэба купіць, каб зашкліць вокны; а да гэтага — казённыя справы, таксама патрэбны шрубы, напільнікі. Не, паеду абавязкова.
Задаволеная ў глыбіні душы, Акіліна запытала:
— А калі ты канчаткова паедзеш?
— Пэўна, да нядзелі пачакаю: у нядзелю ў Кругох кірмаш — раз, падругое, сьвяты дзень, — адказаў Ладымер.
— Ёсьць ведама, што ў нядзелю ляпей усяго, — падказала цешча.
— Ну, а ты-ж толькі спраўляйся з роляю.
— Будзь спакоен, пакуль дакончыш сцэну — роля будзе гатова. Хай другія так падгатовяць, як я, то добра будзе, — пазіраючы ў вакно і зусім ня думаючы аб ролі, адказала Акіліна.
Ладымер задаволена ўхмыльнуўся і пайшоў тупаць па хаце, гаворачы ні то да жонкі ні то да сябе.
— Наладзіцца тэатр, і пойдзе на ўсю магу культурная праца. Трэба ўнясьці сьвет у глухі куток… Так, яшчэ цёмна наша вёска, так далёка ад культуры. Жывуць людзі, як ваўкі, адарваныя ад гораду, закінутыя ў лясы… Жадны новага слова, жадны новае весткі… Вакол столькі прыгожасьці, а для іх яна незразумелая зусім… Вакол кіпіць жыцьцё, а ім чуецца толькі водгалас у шуме лесу… Наша павіннасьць — аддаваць ім усе нашы веды, дзяліцца з імі тым, што сабралася ў галаве, што вычытана з кніжак. Цяперашняе жыцьцё не павінна спыняцца на адным месцы; яно мусіць вярцецца, віраваць, бегчы наперад. Бач, мы творым рэволюцыю, перабудоўваем усё на новы лад, нішчым старое