— Што так строга! Уразіла сінагогу! — не здаволілася Акіліна.
— Не пасварэцеся хаця, — пераняла цешча, вярнуўшыся з дрывамі, — вось гатовы, пэўна, і каўбаса і бульба, — дадала яна.
— А на дарогу мне згатовіла што, Акіліна? — інакшым голасам запытаў Ладымер.
— Згатавала, чаму не; каўбаса таксама ў дарогу табе; сала наскварыла, а вось ляпёшак сьпяку… Ты скажы, будзеш браць сьвятошні гарнітур ці не? Я дастала й падпрасавала яго…
— Вазьму, як-жа ж.
Старая падышла да стала й заслала яго сарвэтаю; пасьля прынесла міску з насыпанаю ўгору паранай бульбай і некалькі талерак для малака.
— Заўтра, пэўна, на золку выедзеце? — запытала яна зяця і спынілася, ждучы адказу.
Ладымер паглядзеў на Парога, перакінуў думкамі і адказаў:
— Так, зраньня выедзем. Трэба сабрацца сёньня акурат.
— Ды ўжо яно сабрана, што тут доўга.
Акіліна прынесла малака, разьліла ў талеркі і абярнулася да Парога:
— Падзялеце з намі вячэру.
— Дзякую! — адказаўся Парог, устаючы з крэсла і адыходзячы ад стала.
— Да не саромейцеся. Садзецеся. Там-жа жонка не прыгатавала нічога. Садзецеся…
Парог яшчэ крыху паўпіраўся, але нарэшце сеў і разам з сям’ёю Ложкаў пачалі вячэраць.
VIII
Ладымер назаўтра прачнуўся чуць сьвет. У вокны прабіваўся смуглы одсьвет золку, прасочаны санлівасьцю, томячы. За вакном у парку чырыкалі раньнія птушкі; пастух