расьніцамі. Пасьля прылягла, выцягнулася з сударжнай сілаю і заплюшчыла вочы. Раптам надышоў здром — яна забылася, але праз хвілін пятнаццаць абудзілася і паднялася.
У кватэры было сьветла. Засаб у тры вакны яшчэ неразагрэтае раньняе сонца ліло багатыя каскады променю. Ледва ачула прайходзіла з вакна жаралцо сьвежага паветра. На дварэ чуўся гоман.
Заварушылася ў пасьцелі маці, закрахчэла і падняла голаў. Прамовіла праз сон:
— Ты ня сьпіш, Акіліна?
— Ня сплю.
— Яшчэ-ж рана, хай-бы заснула.
— Ня хочацца неяк: як раскатурхалася пры ад’езьдзе Ладымера, дык ні за што не заснуць.
Яна наўмысьне паглядзела на спушчаныя на падлогу белыя тонкія ногі і леваю рукою кранула грудзей.
— Ці-ж Ладымер цябе разбудзіў? — запытала маці, абапёршыся локцем на падушку і гледзячы ў вакно.
— Не, ён цішком ад’яжджаў, але я пачула і абудзілася…
— А ўжо даўно, як паехаў?
— Мо’ з паўгадзіны… Вы сьпеце, мама, яшчэ рана, — запрапанавала Акіліна.
— Ну, а ты-ж хіба ня будзеш больш лажыцца?
— Не глядзеце на мяне: мне вельмі душна… Хачацца крыху астудзіцца… і вакно прачыніла, а не памагае. Так напалілася за дзень…
— Мо’ табе нездаровіцца, Акілінка?
— Ха-ха, што вы, мама: нічога, здарова…
Старая сунялася і прылягла. Акіліна-ж устала, прайшлася босаю, у ваднэй кашулі, к сталу і паглядзела на гадзіньнік. Гадзіньнік паказваў палову восьмае. «Зусім ня рана! Куды там лажыцца… Трэба адзявацца і…» яна не даказала ўсёй думкі і пасьпешна стала адзявацца…
Праз хвілін дваццаць ужо стаяла перад насьценным люстэркам і ўладжвала косы. Меркавала перш сабраць у куклу, пасьля адумалася і падняла ўверх, зашпіліўшы ў новую пры-