Не атрымаўшы адказу, ён пайшоў у дзьверы, прапускаючы ўперад Даміцэлю, а сам нясучы яе клунак і свае пакункі.
На сходах, толькі яны намерыліся паднімацца, іх стрэў Паўлусік. Радасны таму, што напаткаў бацьку, хлопчык уголас пракрычаў, не зважаючы на Даміцэлю:
— Мы з вакна цябе ўгледзелі. Мама сядзіць у пакоі і цябе чакае. Прывёз мне гасьцінца?
— Бяжы, сынок, уперад, дома дам, бяжы.
Але на ўсходах Паўлусік не адыходзіў ад Ладымера, а толькі йшоў першым, як-бы правадыром. На калідоры-ж ён пабег к дзьверам кватэры, пастукаў, пасьля адчыніў іх, і, ускочыўшы ў пакой, пракрычаў:
— Мама, вось і тата. Ды з нейкаю цёцяю нават. Прыгатуй яму гарбаты.
Гэта пачуў Ладымер яшчэ за парогам. А калі пераступіў у кватэру, то ўгледзеў, як Акіліна паднялася з крэсла, зрабіла некалькі крокаў к сталу і разам адвярнулася.
— Акіліна, добры вечар! — прывітаўся Ладымер. — Як маешся?
Акіліна павярнулася да яго, потым акінула падазроным поглядам Даміцэлю і праказала не сваім, а падказным тут- жа агідным голасам:
— А гэта хто? — паказала пальцам на Даміцэлю.
— Пазнайцеся — Даміцэля Гумбінская, драматычная артыстка. Прыехала к нам на гастролі. Пазнайся.
Каб пераняць мажлівую выйсьці прыкрасьць, на што былі даныя, Даміцэля першаю падыйшла да Акіліны і працягнула ёй руку. Акіліна несхаця прывіталася і адышлася к вакну.
— Сядайце, Даміцэля Вікэнтаўна, — запрапанаваў Ладымер: — А ты, Акіліна, дай нам паабедаць.
— Я не варыла.
— Дык звары.
— А ты дасі з чаго?