словы. Вывела іх, паглядзела на паперу, падумала крыху і паднялася з месца.
— Што, ці ўжо скончыла пісаць, мама? — запыталася Алеська.
— Не, дачушка, я яшчэ ня скончыла, я так адхілілася, — адказала Аўдоцьця дзіцяці.
У гэты момант пачуўся бразг дзьвярыма, Аўдоцьця хутчэй хапіла са стала недапісаны ліст і сунула яго за пазуху; пасьля адвярнулася, села на ўслоне й стала чакаць.
Хвіліны праз дзьве ў хату ўвайшла Паруля, Аўдоцьціна маці, старэнькая, маршчлівая, але яшчэ рухавая бабуля.
— Добры вечар, дачушка! — прывіталася яна.
— Вечар добры! — адказала Аўдоцьця, — прысядзьце, вось, — падаючы зэдлік, папрасіла яна, — вы так замарыліся, няблізкі сьвет ідучы сюды.
— Але, дачушка, такі дужа стамілася. Вядома, старасьць сваё бярэ, — охаючы й крэкчучы казала Паруля і прытым нядужна прысела на зэдлік.
Села й глыбока ўздыхнула.
— Ну, што добрага чуваць у цябе, Аўдоцьця? — запытала Паруля. — Мо’ часамі Хірысон піша што?
— Не, мамачка, нічога ня піша; хай яго горліца зарэжа — прападаць мне даводзіцца з-за яго.
У ваччу маладзіцы паказаліся сьлёзы.
— Мама, ня плачце, — папрасіла мацеру маленькая Алеська і сама заплакала.
— Сьціхні, мая котка, — суцешыла яе Паруля.
— Калі бо наш татка вельмі брыдкі. Мы з мамаю пісалі яму ліст, і я дапісала, што ён — згубіцель наш.
— Ліст пісала? Аб чым-жа хаця? — з цікавасьцю запытала Паруля ў Аўдоцьці.
— Ой, мамачка, я ўжо і сама ня ведаю, што яму пісаць. Няхай ён там голаў сабе падверне, гадзіна заклятая! Гэта-ж ня жартачкі, да чаго ён давёў нас… Хоць з голаду прападай. Навошта падобны сталі дзеці… Людзі сьмяюцца, гавораць усяк, калі ты стараешся здабыць кавалак хлеба