Гэта старонка не была вычытаная
падхапляе агульная хваля ўцекачоў і, як трэску, нясе з сабою… Куды? Дзе прыпынак?..
— Мама, ідзём далей, ужо супачылі, — катурхнуў мацеру Міхалка.
Маланка ўсхапілася, як са сну, парваўшы нітку думак, і аглядзелася вакол; пасьля, адчуўшы ў руцэ хлеб, са смакам укусіла яго.
— Хадзем! — настаяў Міхалка, першым выбегшы на гасьцінец.
Маланка паднялася, закінула за плечы ворак і пайшла за сынам.
Жоўтыя сьцены жыта зноў абнялі іх з бакоў. Таксама стаяла гарачыня; таксама сьпявалі жаўранкі ды перапёлкі; не заціхалі песьні жнеяк.
— Ці далёка нам яшчэ ісьці, мама? — запытаў Міхалка, адышоўшыся крыху.
— Ня так ужо далёка, даражэнькі. Дойдзем сынок, крапіся крыху, — адказала Маланка, кінуўшы погляд усьцяж гасьцінца.