— Ды едзем, куды вочы глядзяць. Працы шукаем… Вось пяты тыдзень у дарозе: просім работы, а яе няма, — весела адказаў Цімох.
— Якое-ж вы работы шукаеце? — зацікавіліся падводчыкі.
— Якое! якое хоць! Самі мы — гарбары, а цяпер нам абышто рабіць.
— Так, цяпер цяжка дастаць службу… Папрабуйце трапіць у Кіеў, — парадзіў стары…
— Мужчы-ы-ны-ы! — пачуўся вокліч з поля, куды адехалі фурманкі. — Чаго-о вы та-ам!
Падводчыкі пакінулі Цімоха з Ігнатам і пасьпешна пайшлі на голас.
— Кепскія паперы, брат! Аддаляецца ад нас Кіеў. Параходу няма, а мо’ і ўначы ня будзе, а есьці — таксама канчаем… Прыдзецца на куфэрачках плысьці ў Кіеў… — жартаваў Ігнат.
— Я, бо, табе казаў, што гэты плян найгоршы… Залезьлі ў нейкую глуш і бадзяемся, як сьвет бяз вума… А ў Кіеве — што ты там знойдзеш?.. Давай, калі ёсьць што, перакусім.
— А вось, маеш акрайчык хлеба і крыху сала. Сьпячы, калі хочаш, — дастаючы з торбачкі, сказаў Ігнат.
— Чакай, я перадумаў, — спыніў Цімох, ухапіўшыся за руку таварыша, — я думаю гэтак зрабіць: пойдзем раней на прыстань і выпытаем, як і што з параходам. Ня пойдзе сёньня — будзем старацца спажывы… А то мы тут разложымся з агнём, а там параход — шусь і кончана.
— Давай, пойдзем! — згадзіўся Ігнат.
Яны падняліся, закінулі за плечы клумкі і выйшлі на дарогу.
На дварэ патрошку цямнела. Між кустоў і дрэў гусьціўся змрок. Разам з цемраю спадала на землю й асеньняя вільгаць. Пахла густым п’яным водырам ападаўшага лісьця.
Цімох з Ігнатам, разглядаючы па бакох, ішлі да прыстані. Кусок дарогі, які ім асталося прайсьці, здаваўся без кан-