СЫМОНКА-ІНЖЫНЭР
I
Сымонку Кеплю было дзесяць гадоў ад роду; ён быў старшым дзіцём у сваіх бедных бацькоў, гарбара Андрэя і Луцэі Кепляў. Апроч Сымонкі, яны мелі яшчэ дзьвёх дзяўчатак: Параску — старшую і Марыльку — малодшую. Як пяршука, Сымонку любілі і бацька і маці дужа шчыра й крэпка; ды было завошта яго любіць. Сымонка быў хлопчык рэзвы, дасьціпны, заўсёды вясёлы і, галоўнае, паслухмяны да сваіх бацькоў. Ніколі ён не адказваўся выпаўніць бацькава ці матчына даручэньне і ні словам не пярэчыў іх прыказаньням. Ці пашлюць Сымонку ў краму купіць што, ці да суседзяў — што-колечы пазычыць; ці прыкажуць вартаваць хату, пашоўшы самі ў заработкі — Сымонка да дробязі выпаўняў наложаную на яго павіннасьць.
Да ўсіх іншых якасьцяй меў ён і розум ды здольнасьць не па гадох.
За гэта Сымонку бацькі ставілі ў прыклад, калі заходзіла ў іх гутарка аб дзецях. «Наш Сымонка, будзь ён здароў, удаўся хлапчук», казалі яны.
А між сабой у вольны час разважалі Андрэй і Луцэя Кеплі так:
— Ведаеш, Луцэя, мы свайго Сымонку вучыцьмем і вучыцьмем. Аж пакуль сілы нашае хопіць. Скончыць ніжэйшую школу, аддамо вышэй, а там яшчэ вышэй і да канца…