Пасьля пацягло прысесьці, перасапціся. Франусь Доўбня напружыў пагляд і пачаў мацаць нагамі ці камень, ці грудок — ня пытаючыся, ёсьць ён тут ці няма.
Пад нагамі хлюпала вада, трашчэла жыта.
— Ня буду садзіцца… Гой, што я?.. Гэта спакуса, — парашыў Франусь Доўбня, пратаптаўшыся з паўгадзіны. — Пайду, а то наляціць дзень і тады…
З посьвістам ветру рассыпаліся знаёмыя галасы; прабеглі сьпінаю мурашкі, сьціснулася сэрца. Зачасьцілі самі ногі.
Раптам — каўдобіна. З разгону апынуўся ў вадзе па пояс.
— Што за трасца! — вылаяўся Франусь Доўбня і хутчэй выскачыў на дарожку…
Яшчэ праз гадзіну нясўпыннай хады і ён прымеціў у цемры ночы якіясьці будынкі. «Нарэшце і Драбінкі», мігнула думка ў галаве, і прыемная цёплата разьбеглася па ўсім целе.
Франусь Доўбня, прыпамінаючы плян вёскі, падаўся ўправа і вышаў да платоў гародаў. Прыгледзеўся — то быў Вінцэнтаў капусьнік.
— Дзякуй госпаду, — прашаптаў ён, — я дома!
Цішком, між платоў, дайшоў да гумна.
У суседнім двары забрахала сабака. Франусь Доўбня прысеў збоку кастра дроў.
Сабака ня ўнімаўся брахаць. Паўзком, стараючыся ня шамаць, Франусь Доўбня мінуў два другія гумны і апынуўся пры сваім двары.
Густы садок усьцяж пляцу калыхаўся над дваром, дзяручы галінамі дрэўцаў салому на страсе.
— Не чакаюць! Пэўна старыя й надзею ўсякую згубілі мяне дачакацца. Вось ім — неўспадзеўкі, прымхаю. Як з мёртвых…
Франусь Доўбня з загуменьня пералез у двор, паўз сьцену падыйшоў да дзьвярэй і паспрабаваў адчыніць. Дзьверы былі замкнуты. Тады ён падыйшоў к вакну і дробным ціхім стукам прайшоў па шыбе.