III
Луцэя спакойна спала.
Праз паўгадзіны, ня болей, яе разбудзіў стук у дзьверы. Луцэя хутка ўсхапілася, працерла вочы й прыгатовілася стрэціць, хто ўвойдзе ў хату. «Пэўна, Анупрэй», — парашыла яна, не дачакаўшыся, і нездавальняюча адвярнулася ад дзьвярэй.
Усьлед гэтаму прачыніліся дзьверы, і Анупрэй увайшоў у хату.
— Дзе ты цягаешся нясупынна? — упічліва запытала Луцэя.
Анупрэя хапіла за сэрца, і ён перш сурова паглядзеў на жонку, крутнуў нездавольна галавою і прайшоў к вулічнаму вакну; пасьля павярнуўся да яе і сказаў:
— Ці ты звар’яцела? Сама пасылала… — вырачыўся ён і зразу-ж перамяніў тон. — Я да гаспадара заходзіў… Грошы прасіў пазычыць у лік будучае працы… Я сам бачу, што нельга далей так быць… Што-ж, няхай прабачаюць таварышы. Я не самахоць…
— То ці-ж бачыў хто? — з надышоўшай палёгкай на сэрца, запытала Луцэя і прысела супроціў мужа.
Той апусьціў пагляд і спагадліва адказаў:
— Бачылі… Вядома, што бачылі… Каб і ня бачылі, то дазналіся-б. Ласьне захаваешся?.. Ахрэмава жонка бачыла…
— Як ты йшоў, ці як выходзіў?
— Як выходзіў… Што-ж, усё роўна… Я ўжо гэтым запляміў сябе… Прадаў таварыскасьць і справу…
— Ну, а што-ж Лейба? Даў табе грошы ці не? — пераняла Луцэя, каб ведаць, як ацаніць мужаў паступак.
— Даў дзесяць рублёў… дзесяць срэбранікаў, нібы…
Анупрэй ня мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце.
— Кінь ты плявузгаць, ліха ведае што, — расьцяжна заўважыла Луцэя. — Што ты прадаў? Наадварот, ты выратаваў трое душ ад голаду. Не дастаў-бы грошы — заўтра сядзелі-б