— Чорт яго ведае — спазьнілася… — Яна крыху памаўчала. — Вось чаму: толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не пасьпела вылезьці з-за стала, як, бац — хто-ж ты думаеш? — Васіль у хату. Я проста так і зьнямела ад злосьці; а ён, ведаеш, доўга не чакаючы, расьсеўся сабе на ўслоні, спыніў бацькоў і давай гутарку разводзіць. Перш тлумачыў адно, потым — другое, а далей-болей паціханьку давай і да мяне дабірацца. Я гэта, ня даўшы яму разыйсьціся, так і перапыніла на слове: «прашу мяне не чапаць!» І гэта з такой злосьцю я вымавіла, што нібы вадою апарыла; ён ураз і змоўк ды павярнуў ізноў на другое… Я перш думала пасядзець ды перачакаць, покуль ён перакажа і пойдзе, а потым і самой ісьці. Але мінула цэлая гадзіна і ўжо нават другое чуць не палова, а мой Бераг, як заведзеная машына, балхвіць і балхвіць, ня думае ўцякаць. Я тады, нічога ня кажучы, драла з хаты, ня ўсьпела нават і прыахаецца, як бачыш.
Рыгор зірнуў на Зосю і ўгледзеў, што яе бялесыя льняныя валасы, заўсёды акуратненька расчэсаныя на прадзел і завітыя ў дзьве аднамерныя па даўжыні і таўшчыні касы, на скорую руку былі згорнуты ў куклу, нядбайна прышпілены, так што палойкі іх зьвісалі па шчоках і расплываліся па ветру.
— Бач, які дасьціпны хлопец, гэты твой Бераг, — заўважыў Рыгор і засьмяяўся.
Зося сарамяжа і крыўдліва адказала яму тым самым: ціхаю, трусьліваю ўхмылкаю.
Рыгор быў весел у гэты час і яму зусім не хацелася чымсь-бы ня было атручваць Зосін настрой. Бачачы, што яго словы, нібы крыху яе смуцілі, ён барджэй перамяніў гаворку.
— Та прысядай-жа, Зося… Мо’, часамі, бачылася ты з кім-небудзь? З нашых, бач?..
— Не… А з кім? — садзючыся на краю разасланай Рыгорам жакеткі, запытала Зося.
— Ды, бач, з Сёмкам, ці з Пятрусём.
— Што, і яны, маюць прыйсьці сюды?
— Не, я аб гэтым з імі нічога не гаварыў, але мо’ трапункам і заблудзяцца.
— Хай-бы лепш ня прыходзілі; мне хочацца сёньні пабыць з табою ў дваіх, — праказала Зося і кінула Рыгору ў твар вырванаю зелянінкаю.
Рыгор гультайна адхіліў голаў і, засьмяяўшыся, праказаў:
— А памойму-ж няхай-бы прышлі.