ляліся з зеляні дзярэў. З паўганоў ад школы, шмат далей ад берагу мястэчка, ня ўступаў у вышыне будынак местачковай аптэкі. За аптэкай ляжаў Лог, ад мястэчка забудаваны хатамі як найгушчэй, а з другога ўклону, ад поля, пабіты на гароды.
Быў ужо зусім адвячорак і сонца вісела над лесам, то яго праменьні, пападаючы ў вокны хат, адбіваліся залацістым одсьветам. А калі глядзець на поле, то таксама нельга было нацешыцца: такі прыгожы вобраз ляжаў перад імі! Ужо нялапое жыта, аблітае чырвоным заходзячым сонцам, мела нейкі асаблівы, ні то масяндзовы, ні то бурачны колер і, гойдаючыся ад ціхага ветру, катала роўныя, доўгія і крывыя скруткі, з аднаго боку чырвона-бурыя, а з другога бела-зялёныя. Жытні палетак цягнуўся на цэлыя вёрсты ўдаўжкі і ўшыр і здаваўся, калі глядзець на яго з-пад лесу, кудэма ішлі Рыгор з Зосяю, адным суцэльным кавалкам. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмяжованыя дзе пукатымі, барадатымі межкамі, як зьмейкамі, што беглі між сьцен жыта, то далікатна зробленымі разоркамі, таксама ў сваім бегу не адстаючымі ад межак. З другога боку жытняга палетку, так далёка, як ахопвалі іх узрокі, пачыналіся яравыя палеткі, ужо падмалёваныя маладою жаўтаватаю зеляньню аўса і рутнейшаю — ячменю. За яравымі палеткамі пачываліся лясы.
Рыгор з Зосяю ціхай путанай хадою моўчкі прайшлі каля цэлых ганоў, увесь час цешучыся полем, удыхаючы поўнымі грудзямі сьвежае паветра.
— Ну, як, прыгожая рэч? Абярнуўся Рыгор к Зосі.
— Хоць начуй тут у полі! — дабавіў ён.
— Што ты: здурэў, ці што? — зьдзівілася Зося.
— Чаму?
— Так. Ці-ж ты ніколі ня быў у полі, ці ніколі ня бачыў гэнае красы?
— Хоць і бачыў, толькі яно ніколі, мне здэцца, не было такім, як сёньні, цяпер вось…
— Прыдзем заўтра і тое самае застанем.
— А ты-ж прыдзеш?
Рыгор міла зірнуў Зосі ў вочы, ажно тая ня вытрымала і лісьліва засьмяялася.
— Чаму-ж не, я сказала, што прыду…
— А калі Васіль… ну, прышле к табе сватоў?