— Часамі прыемна разьмяцца падобнай гімнастыкай, — сказаў Рыгор, спыніўшыся.
— Ну, вядома, маленькі хлопчык, пазабаўляцца трэба, — пасьмяялася Зося.
— Так, бывае… Ну, цяпер скажы: табе нічога, калі пройдзем да вуліцы разам?
— Вунь яшчэ што выдумаў! А што, мяне арыштуюць за гэта? — зьдзіўленая Рыгоравым запытаньнем, адаказала Зося.
— Ня тое, што арыштуюць, але, часамі, маці…
— Пакінь, пакінь выдумляць ліха ведае што, — перабіла Зося:
— Што? Мне бацькі мо’ забароняць з людзьмі сустракацца? Які ты сьмешны!
Рыгор нічога не адказаў. Маўчала далей і Зося: ідучы, яна глядзела ў зямлю, сочачы за махам тонкага лазовага дубчыка, які шустраю зьмейкаю бег наперадзе іх…
VII
УЖО БЫЛО ЗЬМЕРКШЫ, калі яны ўвайшлі ў мястэчка. Але на вуліцы жыцьцё не ўмірала. Там-сям стаялі кучкі сілцоўцаў, абгаварваючы пытаньні бягучага часу; бегалі неўгамонныя дзеці. Пастушкі вялі з пашы коні. Гаспадыні па дварох увіхаліся з гавядаю.
Паміж іх праехала некалькі фурманак блізкіх к Сілцом хвальбаркоўцаў, знаёмых Зосі; яны аддалі ёй прывітаньне. Адзін нават знайшоў патрэбным кінуць жартам, на які, аднак, Зося не адказала.
Супроць Сёмкавага двара яны зусім нечакана спаткаліся з Гэляю, Пятрусём, Сёмкам і Волькаю, якія стаялі і аб нечым пільна гутарылі, справодзячы сваю гутарку вясёлым покатным сьмехам.
— Пахвалёны! — жартам прывітаўся Рыгор.
— На векі! — сьмехам адказала Гэля.
— Дзе-ж то так бадзяліся, панове? — запытаў Сёмка.
— Ды вось — крыху праходзіліся.
— Харошая праходка: цэлы дзень у доме не застаць. Ці ня ў Пляшуках толькі былі?
— У Ліцку нават, скажаш, — адказаў Рыгор.
— Апроч жартаў, адкуль ідзіцё? — запытаў Сёмка.