І ён выразна адчуў у сваім нутры тую розьніцу ў перажываньнях, якія наводзіла мястэчка ў ранейшыя гады і якія напаткалі яго зараз. Не, цяпер Рыгор быў далёкі ад Сілцоў! Горад палажыў на ім глыбокі адбітак. Горад урасьціў яго ў свае бурлівае жыцьцё, уцягнуў у вадакрут дынамічных падзей фабрычнага асяродзьдзя.
Ці-ж бы, будучы ў Рызе, ён меў хоць хвіліну, якую-б дапусьціў змарнаваць дарма? Ніколі! Разьбегі машын у майстэрні, заўсёдашняе аколеньне рабочым колектывам, шырокія гарызонты, якія адчыняліся яму пасьля кожнага сходу заводзкае організацыі соцыял-дэмократаў; насьпяваючыя супярэчкі ў адносінах паміж рабочымі і гаспадарамі прадпрыемства… Штодзенная руплівая падгатоўка да клясавых боек — усё гэта рабіла Рыгорава жыцьцё рэзвым, рухавым, цікавым. Ён з бадзёрым настроем адпраўляўся ў завод, з зацятасьцю фанатыка прыступаў да працы і рабіўся адзінкаю моцнага, зьлітага колектыву некалькіх тысяч рабочых. Калі гудок апавяшчаў аб сканчэньні работы і з заводу вырынала армія людзей. Рыгор ня мог наглядзецца хараству іх зьяднанасьці, ня мог нацешыцца з тае магутнае сілы, якая залягала ў гэтым колектыве. Ён бачыў, як толькі адчыняліся заводзкія варотыі і з іх выходзілі на вуліцу першыя грамадкі сьлясароў і такароў, ліцейшчыкаў і пракатчыкаў, вуліца цалкам перайходзіла ў іх распараджэньне… Рыгору тады ўспаміналіся незабываныя падзеі з рэволюцыі пятага году, сьляды і знакі якое бліскучымі іскрамі праносіліся праз доўгія гады.
У яркіх вобразах паўставалі карціны магутных забастовак, сутычкі з поліцыяй. Маляваліся карціны героічных схватак «лясных братоў» з карнымі драгунскімі атрадамі па станцыях чыгунак, пры раскіданых вёсках… Гігантам вырастаў адважны атрад Тукумскіх рэволюцыянэраў, трымаўшых захопленым з рук царскае ўлады невялікі гарадок на працягу двух тыдняў у сваіх руках.
Наступнае нясло больш магутныя ўзрухі ў рабочых гушчах — гэта ён адчуваў. І насьпяваньне рэволюцыйных падзей электрызавала гэтага перадавога мешчанчука. І вось, цяпер, калі ён знаходзіцца ў Сілцох, дзе так, параўнаўча, спакойліва цячэ жыцьцё, дзе з буйнае ў 1906 годзе організацыі асталося некалькі маладых, малавопытных таварышоў — там, у Рызе, прайшло жыцьцё некалькі цікавейшых фазаў у сваім разьвіцьці.