— Цьфу! Згінь, прападзі! Дурная будзе Зося, калі папруцінаю ня выпрэ з хаты ўсю тройцу…
Усе зірнулі па Сёмку.
— Пакінь брахаць. Каго-ж лепшага яна можа чакаць! — стрымала яго Юстына.
Дзяўчаты ўкрадкаю пераглянуліся.
Ім няёмка стала за Рыгора, які, аднак, мала патураў таму, што бачыў. І сваты і гутарка жанок, за вокнамі хаты і тая цікавасьць, якая захапіла Вольку ды Гэлю, здаваліся яму зусім звычайным, добра яму вядомым зьявішчам. Гэтага і трэба было чакаць, бо гутаркі, што і да яго даходзілі, будаваліся не на пустым паветры.
Але Рыгора займала Зося, як чалавек. Апошняя гутарка з ёю асабліва яскрава падкрэсьліла ў ёй характарныя ноткі нездавальненьня сваім палажэньнем і хоць не напружнае, але выразнае жаданьне знайсьці з яго выйсьце. Магчыма — Рыгор дапускаў — што дзяўчыніным настроем кіравала часткова і пачуцьцё любові, усё-ж Зося цягчылася тых абставін, у якіх яна знаходзілася і якія ўскладняліся бацькаўскім намерам зьвязаць яе замуствам з Берагамі. Успомніўшы рашучыя заявы Зосі не папусьціцца бацькавай волі, Рыгор ня быў упэўненым, што Зося падніме бунт супроць бацькоў. А калі і паспрабуе пасупярэчыць, то з гэтага выйдзе мала толку.
Рыгора займала пытаньне, якім парадкам яму паперашкодзіць Берагавому замаху на Зосю? Што зрабіць, каб дапамагчы ёй выбрацца з багны зацьвілае шляхецкасьці і ступіць на шлях новага інакшага жыцьця.
Задача была ня з лёгкіх, Рыгор гэта прадбачыў. Тым ня меней ён ня думаў выпусьціць з рук тых магчымасьцяй, якія ў яго меліся. Гэтыя магчымасьці, у асноўным, заключаліся ва ўгаворах Зосі. «Дзяўчыну трэба ўгаварыць, заверыць, упэўніць у тым, што не на Сілцох сходзіцца сьвет і ня ўсе дарогі вядуць у кулацкія хаты праз гвалтоўны замуж», раздумоўваў Рыгор, плянуючы, як і што сустрэцца з Зосяю і яшчэ раз пагутарыць на гэту тэму. Яму цікавымі здаваліся і парады Сёмкі, ад якога можна заўсёды атрымаць разумныя і талковыя думкі. Рыгора цягнула абгаварыць гэта пытаньне з таварышам, і ён запрапанаваў Сёмку выйсьці прагуляцца. Сёмка не супярэчыў, і яны хутка пакінулі Сьвістунову хату.