Марта, маці Зосі, трывалая, карчукаватая, але рухавая і вёрткая кабета, гадоў так пад трыццаць пяць–сорак, з поўным чырвоным тварам і з непамерна пукатымі грудзьмі ды шырокім крыжам; нібы заведзеная машына, яна бесьперастанку лепятала, ушчаўшы яшчэ з надворку. Сваім лепетам Марта ажывіла хату.
— Няхай-бы ты хаця троха пададзелася. Эх, эх, неахайніца ты, як я бачу! — вырачылася яна на Зосю, убачыўшы яе ў тым адзеньні, у якім тая пасьвіла каня. — Вось-жа ня бачыш хіба, што ў цябе пад бокам хлапец, як золата: чысьценькі, аквуратненькі, ажно міла падзівіцца на яго, — паказваючы пальцам на Васіля, дабавіла Марта і пры гэтым жартоўна падмігнула яму пранозаватымі вачыма, ажно той не ўцярпеў і ўхмыльнуўся.
Гледзячы на яго, стала весела і Міколе, які, скора ўвайшоўшы ў хату, барджэй хваціўся за люльку і перасыпку тутуню з пачку ў капшук.
— О, братан, Васіль! — весела загаманіў Мікола, ня вымаючы люлькі з зубоў, — каб табе ды бог памог дастаць такую бабу як мая Марта, ніколі-б не загінуў-бы… Салдат — ня баба… Дачка — тая ўжо зусім інакшая, ня тое.
— Вось годзі хаця балхвіць ліха ведае што, — нездавольна адсекла гаспадару Марта, — яшчэ хаця толькі каб наша Тэкля пашла па Зосі, то я-б нічагуткі не жадала-б… А то…
— Та, ша, ша, ша! я-ж ніякай ганьбы на Зоську не ўскладаю, — струсіў Мікола, перацяўшы жонку на слове.
— Вось, будзе вам сварыцца, а то за мяне ды гатовы яшчэ за чубкі ўшпіліцца. Клопат вам вялікі аба мне: якая ўжо ёсьць — такой і добра будзе, — упікнула бацькоў Зося, стоячы пры стале.
Васіль маўчаў: яму неяк ніякавата было слухаць чужую спрэчку, і ён, нібы не зьвяртаючы на яе ўвагі, паважна і самавіта праходзіў па хаце то ўперад, то ўзад, выводзячы сабе пад нос нейкую зацяжную няроўную мэлёдыю. Час-ад-часу ён падымаў к столі галаву, азіраў сьцены, карціны, якімі быў убраны ўвесь покуць і дзьве сьцяны ад траму адна і да першай бэлькі — другая, дваровая. З столі ён апускаў вочы кнізу і пазіраў на стол, а адтуль — на твар Зосі, — малады, сьвежы і жыцьцёрады. Яму, Васілю, вельмі хацелася сёньні перакінуцца з Зосяю хоць некалькімі словамі, выказаць імі тыя думкі, якія ён бярог для гэтага ўжо многа часу і ўсё ня меў выпадку, а то і не асьмельваўся іх выказаць. Любячы Мікалаішку (так празывалі Зосю ў