Пры набліжэньні да зборні, на іх накіравалі хлопцы пару зыркіх, бліскучых электрычак, асьвяціўшых перад усіма іхнія твары.
— Га-а-а! Таварышы дарагія! — выгукнула Гэля: — прасімо да кампаніі.
Яна хапіла Рыгора за руку і ўсадзіла побач сябе і Волькі, з другога боку якое прысеў Сёмка.
У тую-ж хвіліну раздаліся стройныя ўздымныя напевы любімай сілцоўскаю моладзю песьні — «За заставай, у харчэўні ўбогай»…
IV
ГЭТА БЫЛО каля другое гадзіны ночы. Сваты яшчэ цягнуліся доўга, ажно іх застала сьвітаньне. За ўвесь час гарэлкі было выпіта як мае быць, а нагаворана ўсяго-усякага чортава процьма. У гаворцы, прыязьненай, мяккай і гасьціннай, даходзіла да таго, што Хлёр ці Мікола раптам пачыналі злаваць адзін на другога, паднімалі гучны гоман і насупваліся. А сьледам настрой мяняўся, і сваты цалаваліся.
Толькі адзін Васіль цэлую пору быў хмуры, як вожык: яго рэзала за жывое, чаму Зося, седзячы пры ложку, не заікнулася да яго жадным словам. Чаму і за што?
І яму яскрава ўспаміналіся спатканьні з ёю, і дужа яскрава, выразьней ад усяго, той вечар, калі Зося з ім і гаварыць не захацела. Усё гэта ўставала перад Васілём у празрыстых, няпрыемных для яго рысах, якія ўздымалі сумніўныя, няўвераныя раздумы, нараджалі неспакой і засявалі лёгкую падозранасьць к ёй.
У гэтым настроі ён ня мог вызваліцца ад ачамерных, цяжкіх думак, у якіх аддавалася месца Рыгору, які, нібы прымха якая, не пакідаў яго ўражаньня, а стаяў, як страшнае зданьне перад яго вачыма.
За сталом, пад хмель і вясёласьць дзядзькі Хлёра, таварыша Янкі, бацькоў Зосі і яе маленькае сястрыцы, Васіль не перасьціхаў думаць: «Няйначай, як гэты самы Рыгор усяму перашкодзіць! Іначай, няўжо-ж-бы Зося так вяла сябе тады, калі ў яе хаце сваты?.. А можа тут што іншае мяшае: можа яна нездарова? Запытаю!» рашыў раптам Васіль і праказаў да Зосі:
— Што з табою Зося? Табе мо’ нездаровіцца? Чаму ты ўвесь вечар такая нудная?