На яго запытаньне Зося не азвалася ні словам, ні бедным, а яшчэ горай нахмурылася, нібы даючы знаць Васілю, што яна не намерана з ім гаварыць.
Гэта Васіля абурыла: ён пачаў нэрваваць, выразна неспакоіцца і пільна, да недалікатнага сачыць за кожным моргам Зосі, за кожным кіўком яе галавы, за малейшым рухам яе губ.
Зося прыкмеціла гэта і адвярнулася ў акно. «Што-ж такі ва ўсім гэтым хаваецца?» пытаў ён трывожна самога сябе і азірнуўся на дзядзьку.
Азірнуўся і ўбачыў на твары Хлёра адбітак падобных сваім думак. Хлёру Зосіны ганоры не спадабаліся горай, чымсь Васілю; толькі ён ведаў свае: Зося сілы ня мае — бацькава воля!
«Бэчся, бэчся, дзевачка — не ўстрашыш гэтым!» сьмяяўся Хлёр у сваім нутры.
Урэшце сваты дамовіліся: зрабіць на Пётру ўладзіны, а ў дзьве нядзелі пасьля Пётры — вясельле.
Шчырыя пацалункі Прыдатных з Хлёрам, Васілём ды Янкам — служылі пячаткамі для зробленай умовы.
— Хто іх пашкадуе, як ня мы! — вылезшы з-за стала разыходзіўся Хлёр.
— Вядома, вядома, сваце! — згоджваўся Мікола: — патураць ім ня трэба ні каліва, ні беднага. Яны яшчэ дзеці.
Зося стаяла ў мыцяльніку і чула ўсё гэта; у яе нутру зьвёртваўся клубок цяжкіх думак. Адваротна было да таго, што, калі Хлёр з Янкам падыйшлі к ёй, каб на прашчаньне пацалавацца, яна злосна адмахалася рукамі.
— Пакінь ты, Зося, свае ганоры. Ня думаў я, дзівача, гэтага, зусім ня думаў, — ківаючы галавою, нездаволена праказаў Хлёр, і сытая, пранозаватая ўхмылка заліла яго твар.
— І навучылася такі-та ваша Зоська нейкай фанабэрыі. Няўжо гэта «гарацкі» той адукорыў яе? — абярнуўся ён к Марце.
— Ды нічога, нічога. Яна зусім не фанабэрыстая. Можа зьнябылася — вось ёй і не на вуме нічога. Не патурайце, сваткі! — разьлілася перад Хлёрам Марта.
— А чаму, сват, так думае? — умяшаўся і Мікола.
— Ды, вось, я падыйшоў падзякаваць ёй, а яна і глядзець на мяне ня хоча.
— Яна саромяецца…
— Ай, сваце, на што шуткаваць. Яна церасчур хванабэрыстая ў цябе, — наставаў Хлёр.