падпёршы сьпіною стол: табе кажу, Васілька, трэба паставіць Нязвычнаму Рыгору кварту гарэлкі. А ведаеш чаму?
— Чаму? — задаволена ўхмыльнуўся Васіль.
— А таму: каб ён ня прыехаў у госьці, дык ты-б быў нядбайным і яшчэ не падумаў-бы жаніцца… А тут, як лепш ня трэба — ён цябе сам на гэту думку папхнуў. Вось цяпер толькі і ведай, што гатоўся да ладу ды да вясельля… Няпраўда мо?»
— Праўда, праўда, — у адзін голас праказалі і Васіль і Тадося.
— Тота-ж… А Міколе Прыдатнаму, я і ўперад думаў, што ня трэба адказвацца. Так ён і зразумеў. Ой, ой! Ды хто-ж ня можа таго зразумець? У жыцьці ўжо прыпасен такоўскі закон, па якому яно кіруе думкамі людзкімі, а думка думку нойдзе.
Гэтак гутарыў Хлёр, прышоўшы к сваёй братавай на заўтра пасьля сватоў. Гутарыў, ды задаволена пасьміхаўся, пазіраючы то на Тадосю, то на Васіля, якія самі пад сабою ног ня чулі ад гутаркі «ўдачнага» дзядзькі.
— Але, але, Хлёрык дарагі, — казала Тадося, калі крыху прытаміўся Хлёр і змоўчаў, каб выкурыць цыгарку, — я-ж кажу, — як я рада, як я рада ўсяму гэтаму! Хоць яно і прышло зусім не ўспадзеўкі, нягадана, нядумана, толькі, дзякуй табе, Хлёрка, што так павярнулася. Ведаеш, даражэнькі, учора я не магла як дачакацца Васількі. А калі ён прышоў і расказаў чым кончыліся сваты, мяне азіяла нейкая нябесная сіла, і я ўся нібы на дваццаць гадоў памаладзела: ад радасьці не магла заснуць, а сёньні, зірні на мяне, і спаць ня хочу. А яй, ай! А і маладзец мой сынок, Васілька.
— Яшчэ, бок, ня маладзец! — праказаў Васіль, крыху прысароміўшыся перад дзядзькам.
— А чаму-ж? Чаму не? Вось цудны! Табе сьмешна з маіх слоў. Эх, эх, сынок, ты яшчэ ня ведаеш таго пачуцьця, якое ахоплівае мацеру ў той час, калі яна занята лёсам свайго дзіцяці. Ня ведаеш — затым і сьмяешся, цудненькі.
— А ты? Ты-ж таксама дзіўная кабета! Ці-ж плакаць яму ад тваіх слоў! Памойму, Васіль добра і робіць, што сьмяецца; на тое ён вясёл і задаволен. Вось нам ужо з табою, Тадося, прыходзіцца меней сьмяяцца, бо мы ўжо весь сьмех свой высьмеялі. Праўда? А ён — ён толькі ў тых гадох, каб сьмяяцца. Яго чарка поўная віном, дык чаму-ж ня піць, чаму не п’яніцца ёю!