Васіль быў зьбіт з панталыку і, мэрам замяўся, ня ведаў, што казаць; потым раптам схамянуўся, шырэй адплюшчыў вочы і ўверана праказаў:
— А ведаеце што, дзядзька? Калі так, дык папрашу вас узяць на сябе турбацыю аб пасагу. Добра? Хлёр усьцешліва засьмяяўся.
— Вось калі, чаму не, я на ўсё гатоў, я нічога не баюся… І, ведайце, усё на сваём пастаўлю, — прыстукнуў ён па стале кулаком.
— Ах, каб цябе, ды бадай цябе, які ты Хлёр занятны, — пахваліла швагра Тадося і залілася сьмехам. — Вось за гэна сядай ды паабедаем за хэўраю, а то ужо бадай хутка і вячэраць прыдзецца.
— Э, не, не і ня думайце! Абяцаў да дому прыйсьці на абед, — папрабаваў адказацца Хлёр, але Васіль з мацераю так прысталі да яго, што ён мусіў здацца і палез за стол.
Тадося пачала ўвіхацца ля яды.
IV
У ПЯТНІЦУ, на шэрай гадзіне, Сёмка пакінуў нераспрэжанага каня і запыленым, замурзаным, у старой будзённай жакетцы, босым і нават з дубчыкам у руцэ, пабег да Рыгора. Ён дужа сьпяшыў, бо нават забыў зазірнуць і ў акно, што заўсёды не прамінаў, а зразу направіўся ў хату. Рыгор спакойна сядзеў за сталом і вячэраў; побач з міскаю ляжала кніжка. Ён быў у адной сарочцы, толькі што ўстаўшы з пасьцелі пасьля спачынку.
— Сёмачка-а мой! Зірні толькі на яго! Вось дзіўны які! Гэта-ж ён так ня мае часу, што ў адну пору дзьве справы хоча рабіць: і пад’есьці і начытацца. Ды праз цэлы дзень ён блізка ўсё чытае… З хаты нікуды ня выходзіў. Зранку вышаў на часінку і хутчэй назад вярнуўся, — сустрэла Сёмкаў прыход Стэпа.
Сёмка выслухаў Стэпу, потым падыйшоў к сталу, зазірнуў з лісьлівай ухмылкаю Рыгору ў вочы і жартоўна праказаў:
— Што-ж ты, браце, так запрацаваўся? Прыехаў к нам спачываць, гасьціць, а аддаешся працы з большым намаганьнем, чым у горадзе. Кепска, Рыгор! Не пахвалю за сё! Хай то нам — та іншая рэч. Нам самы прыпар падыходзіць, сязон, як кажуць. З сонцам узьдзірайся з пасьцелі, а лажыся спаць блізка ня ўпоўнач, і то з работаю ня ўправіцца. Вось зірні на мяне, як