людзкая!.. Адваротныя людзі, сьмерць ненавіжу я іх з іхнімі фанабэрамі, з іх гонарам і знацтвам! Гэта павукі, трутні, п’яўкі…
— Эй, дзеткі мае, вы ўжо маўчэце! Маўчэце нябажаткі! Ліха іх бяры з іхнім багацьцем: яны нам хлеба не даюць… Толькі-б яны ня прычэпліваліся к нам.
— Вось у гэным і сэнс. Прычэпліваюцца! — пачаў Сёмка, садзючыся поміж з Рыгорам: — Прычэпліваюцца, і знарок. Дагэтуль з Берагоў як-бы ніхто і не прыкмячаў, што ў Прыдатных ёсьць дачка Зося, а трэ’ было Рыгору загуляць з ёю, як уся банда Берагоў узварушылася: і тут-жа сваты, і ўладзіны, і вясельле! А вы думаеце, цётка, што не на знарок тут ідзецца? Ого-о-о!
— Гэта то праўду кажаш, Сёмачка, — праказала Стэпа: — ды ці-ж варта гэтаму патураць. Каб толькі і бяды было, што гэта. Але тут справа іначай стаіць. Нябось памятаеш, як злавіў мяне пры калодзезі з галяйком?
Рыгор матнуў рукою і з лёгкай гіроніяй праказаў:
— Так, каб большага клопату ня было. Ну, другі раз няхай толькі паспрабуе даць волю рукам… тады…
— А што тады? Паедзеш і толькі цябе бачыў, а тут маці адна. Праўда, на нас ляжыць абавязак узяць старую пад абарону. І мы гэта зробім…
— Дзякуй табе, Сёмачка. Ты-ж толькі і ёсьць у мяне адна надзея.
— Нічога, цётка, недамо вас у крыўду, будзьце пэўны… Ага, бок…
Сёмка абярнуўся да Рыгора:
— Я, між іншым, выпадкова сёньні стрэўся з Зосяю.
— Ну-у-у?! — пацікавіўся Рыгор: — і як яна сябе адчувае?
— Або разьбярэш!
— А дзе? як? і што? Нябось абмяняўся словам-другім…
— Ды проста: мне якраз трапілася ехаць Папярочнаю сьценкаю Выгану, і між Прыдатнага палосы. Яшчэ здалёк я ўгледзіў, што хтось арэ папар, а параўняўшыся — бачу: Зося. Вось я і спыніў каня. Спыніў, а сам і думаю: гукну, калі ня прыкмеціць. Доўга стаяць ня трапілася: толькі павярнулася з плугам, як зразу мяне ўгледзіла і пазвала: «хай конь пастаіць, а ты ідзі хаця прывітайся. Чуеш, Сёмка?» «Слухай, табе лепш каня пакінуць», адазваўся я. Яна, праўда, нічога не сказала болей і хутчэй падыйшла да мяне. Падыйшла, прывіталася. Мне неяк стала сьмешна і я міжвольна ўсьміхнуўся, а потым запытаў і аб сватох.