з Янкам, яны расьпяяліся на ўсю вуліцу і гэтак ішлі з самага рынку. Ішлі — і то пасьпеўвалі, то у покрык гутарылі. За імі цэлаю грамадою беглі дзеці, крычачы і жартуючы з п’янымі. З п’яных пацьвільваліся і старыя жанкі ды мужчыны. Але гэта ня смучала, як Хлёра і Міколу, так і хлопцаў, Янку і Васіля. Наадварот: ім здавалася пад п’яную руку, што яны сёньні героі дня, лыцары; і чым далей адыходзілі ад рынку, тым гучней і нахабней гутарылі. «Што мне гэны бізунец, гэны галадранец? Што мне ён за шышка, Нязвычны гэты?! Плюю я на яго!» драўся на усё горла Васіль: «Ён думаў мне падножку зрабіць, а сам пакаціўся… Ха-ха-ха! Вось шчанюк, і куды ён задумаў лезьці. Гэ-э-э! Адзень, брат, перш порткі ды прышпілі добра, каб ня зьехалі. Тады будзем часьцей і пабольш купляць у старца нажабраванага хлеба… Ага! Ды дроў не забудзь купіць, каб другі раз маці ня крала з маей пасякі, тады можна будзе і рызыкаваць… А цяпер — ой, шчэ зялёны зусім. Хі-хі-хі! І лезе, нябось, к Прыдатнаму. Пабачым яшчэ, пабачым… Не-е-э, брат! Не на таго нарваўся, ня з тым маеш справу… Вось шчасьце тваё, што мы з Янкам не падсьцераглі цябе надовечы, а то-б добры пачастунак справілі. Ой-о-о! Ды яшчэ пачакай — гэта табе дарам ня пройдзе: я пасьпею адрыгнуцца».
Васіль злосна скрыгітаў зубамі і вымахваў рукою ў паветры. Хлёр прытрымваў нябогаву руку і адцягаў яе ўніз.
— На каго ён так гразіцца? — зацікавіўся адзін з мужчын, стоячы з суседам ля вешніц свайго двара.
— Ня ведаю. Нешта, мусі-быць, мае к некаму, — адказаў другі.
— Ды гэта-ж на Нязвычнага Рыгора, — паведаміў зацікаўленых, ушчуўшы іх гутарку, пілявы хлапчук.
Мужчыны засьмяяліся, адвярнуліся ў бок і прыняліся за сваю гутарку.
А Васіль ня ўнімаўся:
— «Ды не, не! Ты толькі, дзядзька, ня лякайся — то ўсё будзе добра, — супакойваў ён Хлёра.
— О, не, не, я троха сьмялей за цябе: я хутка запраўлю яго туды, дзе Макар козы пасе, — адказаў Хлёр.
— А і варта, гада, варта. Н-не-э, братан, з намі табе ня здабраваць, не!
— Што-о, што гэта… Хто там цябе, зяць, хоча крыўдзіць? — пытаў Мікола.