Марта, перш вырачыўшы вочы, паглядзела на яго, потым няпрыкметна падмаргнула Міколу.
— Ды годзі табе аднеквацца, — прагудзеў той да Васіля: — калі тое трапляецца: гады ў рады; вось дзіўны які. Такіта-ж ты гэткі блізкі наш сусед, ды яшчэ ўздумаў сароміцца. Садзіся, вось, калі непагарджаеш нашаю ласкаю. Га, Васіль?
— О, не, не, што вы кажаце, — упіраўся Васіль, але раптам пачаў мякчэць.
Падняўшыся з лавы, азірнуўся ён, каб дзе найсьці мейсца для шапкі. Марта, заўважыўшы гэта, хутка падскочыла к яму, вырвала з рук шапку і кінула яе на ложак, сама-ж хапіла Васіля за руку і пацягнула к сталу.
— Вось як хіба трэба з табою, вось як… Годзі табе аднеквацца, годзі, дзівача. Вось, чаго добрага ды зяцем нашым станеш…
Васіль болей не спрачаўся, а з нейкаю надышоўшаю к яму сьмеласьцю, залез за стол і ўсеўся побач з Зосяю.
Выказаная к яму яе бацькамі гасьціннасьць і цёплая, сямейная ўвага, тронулі яго за жывое, ажно зразу ён пачуў у сабе гардую вагкасьць багатага і знатнага чалавека, з якім не здарма гэткія паважаныя ў Сілцох мяшчане, як Прыдатныя, лічуцца і якога, відаць, шануюць.
«Калі так, то і ўся справа павінна пахіліцца ў мой бок, мігнуліся ў Васілёвай галаве ружовыя думкі, і спатайку, наўскасяк, ён акінуў узрокам усю пору маўчаўшую Зосю, якая паказалася яму такою ўдалаю і прыгожаю, што міжвольна садрыгнулася ўся яго істоста і нейкі апойны халадок пацягнуў па ёй.
«Няўжо я сумею дачакацца таго, што Зося, нарэшце, кіне гэтага галяка?» — падумаў ён, ды зноў паглядзеў на Зосін твар.
У яго нутру забурліла прагнае хаценьне, але хмурная міна Зосі атручвала яго сэрца, і ён моцна злаваў.
— Ну, будзь здароў, Васіль! — наліўшы кілішак тарэлкі і падняўшы яго высока ў руцэ, паабяцаў к Васілю Мікола.
— Дзякую; піце на здароўе! — шчыра адказаў Васіль, не аднімаючы вачэй ад Зосі.
Мікола спрытна перакінуў кілішак у шырока адчынены рот, наліў яго ізноў і, падаючы Васілю, праказаў:
— Пі, нябожа! Дачакацца-б таго, каб мне ў цябе на вясельлі выпіць…
— Дзякую, дзядзьку! — адказаў Васіль і выпіў.