да надыходзячых сражэньняў, там, пры сьвістах і вярчэньні машын гартуецца пролятарская ваяўнічасьць.
…Над гэтым жытам, над зялёнаю ярыною… залунаюць чырвоныя сьцягі…
Кожны дзень, засуцэляным кругабегам, праносіліся перад Рыгорам бліскучыя вобразы створаных ім у думках падзей. Гэтыя падзеі набіралі выразныя формы, напаўняліся багатым зьместам бадзёрых настрояў і справодзілі яго дамоў у абдыме яскравай ўрачыстасьці.
III
РЫГОРА АБУДЗІЎ рэзкі бразг мэталю; ён прыслухаўся — кляпалі касу. Знаёмы, прыемны напеў прыпарнае працы. Касьба? У полі пачынала красаваць жыта — Рыгор любаваўся перакатамі хваль, над якімі, як пырскі, шарым туманам паднімаўся красоўны пылок. На шырокім галу сточаных каласамі ніў бегалі палкія ўзрокі маладога рабочага. Але кляпаныьне касы?..
Калі Рыгор адзеўся і вышаў на вуліцу, то пачуў, што бразг даходзіць з-пад Сёмкавай хаты. «Няўжо ён зьбіраецца так загадзя да касьбы?» праказаў сабе Рыгор і накіраваўся к таварышу.
Праўда. Седзячы на акораным круглячку, Сёмка рытмічна ківаў рукою, выпускаючы бразглівыя стукі. Паўкруглая сьпіна сьвяціла на сонцы белаю кужальнаю сарочкаю. Галава згіналася над парогам, дзе была ўбітаю бабка. На дзеравяным гвазьдзе ў сьцяне вісела доўгае белае касьсё.
— Гатовішся да касьбы? — над Сёмкавым вухам праказаў Рыгор.
Сёмка кінуў стукаць і азірнуўся.
— Трэба, таварыш!
— Скора касіць?
— Ды ўжо-ж…
Абое прыселі на парозе.
— Ня баўся, сынок, — даняслося з хаты.
Сьледам вышла Сёмкава маці.
— Дзендобры, суседзе. Вучышся косы кляпаць? Забыўся ў горадзе.
— Забыўся, хоць молатам б’ю ня горай ад Сёмкі.