Рыгор, аднак, ня здаўся, пакуль не параўняўся з месцам. з якога пачаў баразну.
— На-а!
Зося выпрагла гнедага з плугу і прыпяла на паплавінцы.
— Падыдзі. Дык табе ніхто не паведаміў, а ты сам мяне знайшоў? — праверыла яна паўторна.
— Або ня ўсё роўна?..
Праз хвіліну яны ляжалі на разасланай дзярузе пры возе.
— Ты не чакала?
— Прызнаюся, што не.
— Паперашкодзіў працаваць?
— Хопіць часу.
Яе рука лягла на Рыгоравых плячох. Ён чуў яе ўзмоцненае дыханьне і пачашчаны пульс.
— Але-ж ты зарабілася сёньні… Бацькі…
— Не ўспамінай. Ці толькі сёньні…
— Калі-ж ты даарэш?.. Ты памятаеш Хвойнік?
— Рыгор… я ведаю, што ты глядзіш на мяне іначай ад ранейшага. Я заслужыла: імкнуся ды не выстарчае сілы. Нутром я твая, ну нада мною бацькава воля, скавала мяне… Усё-ж, дарагі мой…
Наступны момант аддаўся сузіраньню нез’ясьнёнага хараства запаленай іх выабражэньнем прыроды, бяздоннаму шчасьцю неперажываных хвілін, апойнасьці заварожванага пачуцьця…
Разгойданае цюканьне сэрца, ненасытная прага салодкага эфірнага паветру, подухі лёгкага ветрыку…
І прарэзьлівы, нахабны, дзікі покат рогату:
— Ххі-ыхха! А-а-а-ххэ-эк!
Узьнятыя ад нізу і пахіленыя налева ўзрокі праводзілі па сьценцы траскацеўшыя драбіны вазьніцы. Белая дробная каняка рысьсю мчалася між шэрага фону папарнага палетку. Водгукі сухога лёскату калёс працягалі інтонацыю людзкога сьмеху.
— Хто-б то быў?
— Ды ня ўсё роўна, хто!
— Ён бачыў? Ой, бачыў, бачыў!..
Зося хапілася рукамі за голаў і заплюшчыла вочы.
— Няўжо-а ты, Зося-а-а, нагэтулькі маладушна?
— Маўчы…
Яна адышлася ад яго і некі час задуменна глядзела ў густую карону грушы.