— Перадаюць.
Іцка прайшоўся па хаце і перавёў гутарку на іншую тэму.
— Як-бы ты думаў, Рыгор, наконт таго, каб мне паспрабаваць пераехаць у горад?
— Адабраю думку.
— Сапраўды, цягне. Калі-б можна было з Рыгі паведаміць.
— Пастараюся…
— Ты ведаеш, мястэчка засосвае. Не адчуваецца пролетарскага асяродзьдзя. Здаецца, каб гэта ў фабрыку з тысячу рабочых… Армія…
Іцка завісьліва паглядзеў на Рыгора і абярнуўся да Стэпы:
— Гатовіце сыну ў дарогу?
Кабета раптам адвярнулася на хату і глыбока, зацяжна ўздыхнула:
— Доля, сынок, ужо такая. Людзкія дзеці пры бацькох, а гэта…
— Не тужы, маці… — суцешыў Рыгор.
Выходзячы з хаты, Іцка падмацаваў яго ўцеху заспакойваючым сказам да Стэпы.
— Ён бліжэй з вамі на аддалёк, ніж тыя, хто з іншымі з блізку…
Рыгор правёў Іцку да вуліцы і вярнуўся.
Стэпа стрэла яго на парозе наступнымі словамі:
— Хоць пасядзі на расстаньні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць.
Яна разгорнілася і заплакала.
— Дай мне наглядзецца на цябе… Два-ж даўжэрных гады не бачыліся, а гэты колькі дзён, як квадранец. То мяне няма ў хаце, то ты ідзеш гуляць і толькі на ляту, выпадкам прамігнеш… А тут — во’ — заўтра ўжо і зусім пакідаеш. Як і не наведваў, мэрам-бы і ня быў… Вясёлкаю, бляскам, іскраю…
Апушчаная ў паднятыя плячукі галава сіратліва нахілялася ўправа. На плоскіх, вагнутых грудзёх складзеныя накрыж рукі супакойвалі разьюшанае сэрца. Пад заўпалымі вачмі выдзяляліся смуглыя, зялянцаватыя дугі і па ссохлых губах бегалі нэрвовыя дрыжыкі.
— Паглядзі, сынок, гэта я нарыхтавала табе ў дарогу.
Абое падышлі да мыцэльнікавага акна і прарэвізавалі ўзрокамі невялічкі запас провізыі, што Стэпа прыгатавала Рыгору.