Куды-і — там. Мне сьмешна, калі гэты дзедзічы пачынаюць хваліць Берагоў.
Каб на вас, думаю, прогліца, дурні вы, дурні, каналупы вы, куды вам раўняцца да…
Хлопцы ня пярэчылі старым, час-ад-часу перакідаючыся між сабою адрыўнымі сказамі.
— Табато і то, што вы ў нас адны і ёсьць прыяцелі. Ці за дарадай зьвярнуцца, ці папрасіць чаго — толькі да Пэўных… Рыгору ліст напісаць — Сёмка, прачытаць — ён-жа… Каб ня вы — хоць скрозь землю — вядома адна, як цьвік, аднюшанька. Вось таму і баліць сэрца і рэжа ўнутру, што адна… Усякая погань цябе чапае бяскарна… Ідзе вуліцаю — лае, сустракае з дрыўмі — адбірае. Вядома-ж, думаю… А пры Рыгору — зусім і іншае.
— Не зачэпіць удвойчы, будзь пэўная…
Хведар грозна патрос кулаком над сталом.
— Кінь, — сутрымала яго жонка.
Хлопцы пахвалілі Сёмкавага бацьку за храбрасьць…
Стэпа набралася бадзёршага настрою і на яе твары заблішчэлі просьветы надзей і ўверанасьці. Яна жывей зарухала пры стале, зьмяніла тон у голасе і на разважлівую гутарку Хведара адказвала крохкімі ўхмылкамі.
Але ўсё гэта ізноў прапала, калі Рыгор паглядзеў на гадзіньнік і папрасіў Сёмку.
— Можа-б пара было рыхтавацца?
— Якая гадзіна?
— Другая на сходзе…
— У мяне воз напагатове, але…
Сёмка пакінуў застольле і вышаў з хаты. Усе, хто астаўся, бачылі, як Стэпа ўперанымі вачмі праводзіла яго, ажно пакуль ен не схаваўся ў сваім двары.
Пасьля яна праверыла сынаў чамадан, яшчэ штосьці ўпакавала ў яго і, упрошваючы Пэўных закусіць, чым ёсьць, раз-по-разу паглядала ў вокны. Кожная хвіліна ўлічвалася Стэпаю ў актыў супакою, але разам з тым забаўленасьць Сёмкі расьцягала Стэпіну напруджанасьць у чаканьні.
І калі пачуўся першы стук калёс, толькі кранутага возу, як яна зьмянілася ў твары і прасьледжана паглядзела на Рыгора.
Рыгор вылазіў з-за стала; на яго паваротах і ў яго вачу выразна адмячалася разьвітальная спагада.