ЧАСТКА ПЕРШАЯ
I
АЎТОРКАМ, у дзень Рыгоравага ад’езду, Зося прачнулася крыху пазьней, чым прачыналася заўсёды.
Прачнуўшыся, яна чулася стомленай, разьбітай, нявыспанай: некі цяжар душыў голаў, мярцьвіў цела, кідаў на сударгі. У яе галаве блуталіся адрыўныя рознастайчыя думкі. Ніяк нельга было ўлежыць; але, разам з гэтым Зосі не хацелася і ўставаць з пасьцелі — як-бы хтосьці прыкаваў яе да ложка…
У гэткім стане Зося праляжала каля дзьвёх гадзін.
Тымчасам у сенцах павіднела: праз закратаванае акенца ўлілася вузкая палоска сонечных праменьняў, якія блішчастаю залацістаю стужкаю працягнуліся ад сьцяны ажно да ложка, апаўшы дробнымі лёгкімі іскаркамі на Зосін твар. Праз сітца. праменьняў мігаліся шустрыя мошкі, зрэдка калыхаліся камары і раз-по-разу перарэзвалі яго суцэльнасьць чорнымі ніткамі мухі. У сенцах было ціха-ціха. Гэта Зосю асьвежыла, прыдало бадзёрасьці і жывасьці, знашлася ахвота падняцца, сыйсьці з ложка і брацца за якую-небудзь працу… Але за якую працу? Зося задумалася, памаўчала з хвіліну і здаволена ўсьміхнулася. Зусім не да будзённых інтарэсаў было ёй у гэту хвіліну.
Перад ёю занасіліся ружовыя надзеі, жаданьні; паўсталі цікавыя ўражаньні. Зьлітным, суцэльным шэрагам вырасьлі перад Зосяю жывыя адбіткі яе спатканьня з Рыгорам. — Хвойнік, кусты, вавёрка, пацалункі і… словы, словы к Рыгору… (Лёгкі ўздорыг і няпрыемнае пачуцьцё на хвіліну кранулі Зосіна сэрца… Але ў яе знашлося сілы заглушыць усякія азнакі сумаваньня, і яна вярнулася да сьветлых успамінаў). І перад ёю раптам усталі Лужкі, зялёная паплавінка, папар навакола, курган… Вось набліжаецца Рыгор, яна супыняе ворыва, чакае… Рыгор падыходзіць… яна хінецца да Рыгора, закіпае бурліваю прагаю не-