Волька пільна выслухала Зосю, і толькі магла адказаць ёй нявыразным: «Так так, але, але. Вядома, што праўда». Яна шкадавала Зосю і стала горніцца на сваё бясьсільле на нязнаньне, як і што парадзіць таварышцы на яе скаргу і крыўду. Ці кідаць Зосі бацькоў ды ўцякаць у горад да Рыгора, ці скарыцца ёй бацькавай волі і рахмана ісьці насустрэч свайму лёсу. О, каб гэта можна было як-колечы зьвязаць гэтыя дзьве дарогі! А то — там каханьне, і разам — беднасьць, недахваты, праклёны бацькоў; а тут — дастатак, багацьце, і нялюбы чалавек, цёмная незьясьнёная будучыня. «Як тут угадаць, каб даць правіловую параду — няведама: скажаш адно, а выйдзе горай — тады ўся на табе адказнасьць. Гэта-ж не для сябе…» І Волька змаўчала, гледзячы Зосі ў вочы, у тыя вочы, якія прагна чакалі ад Волькі рашучага адказу.
— Ведаеш, Волечка, начамі ня сплю, а ўсё думаю ды думаю, — не дачакаўшыся ад таварышкі ніякае супакойлівае парады, выказалася Зося. — Сёнешнюю ноч, дык паверыш, ледзьве перабыла; усю мяне агарнула страшэнная нудота, бяссоньне, неспакой, цяжкае разувер’е. Вось так і ные ўсё цела, тузаюць сударгі, галава ажно разрываецца ад блутаных калючых думак; кідае ў пот, у жар, то ў холад, розныя страшныя зданьні верцяцца перада мною… І цалюткую ноч…
— Зоська, — перабіла разжалабеная Волька, — а ты, сястрыца, і сапраўды неяк пагоршала за апошні час; зьмізарнела, апусьцілася… Даражэнькая мая, я табе ня раджу прымаць усё гэта да сэрца… Ды к гэтаму, хто яго ведае, а мо’ і лепш будзе так, як бацькі мяркуюць… Усё-ж бацькі, няўжо-б яны сьвядома аддавалі цябе на зьдзек? Падумай сама…
І Волька замаўчала, паглядзеўшы у бок Берагавае хаты.
Зося павярнулася і пашла.
Яна прабегла ўсю сьценку, павярнула да скрыжаваных дарог, абагнула іх і пакіравала ў бок пасекі. Парупіла азірнуцца назад. Якраз адгэтуль відаць добрую палавіну Сілцоў. Зося акінула вокам шэрыя хаткі між зялёных купак садоў, спынілася на царкве і тут-жа адвярнулася ўправа, на гасьцінец, які цягнуўся шырокаю ламанаю стужкаю далёка, к Жмыгінскаму лесу.
Зося ішла мяжою, між зялёнага блізкага да каласаваньня ячменю. Яе абдавала густым салодкім водырам зялёных палёў;