Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/199

Гэта старонка не была вычытаная

нутро, зьвязала постаць і затушыла бліснуўшую энэргію. «Прапусьціла-а», пашкадавала яна і безнадзейна разьвяла рукамі…

У адказ ёй, блізка-блізка, завёў сваю сухую жорсткую песьню драч.

Прашло многа часу.

Ужо змрок густою шэрасьцю аплёў зямлю, хаваючы сваім полагам абшар прагалу і зьмяншаючы Зосін вокагляд. За гасьцінцам, у дрыгвяніку жабы ўзьнялі хор; ім заўтурыла труба, а сьледам і жалейка пастухоў; са збажыны загукала перапёлка; над дрыгвянікам паднялася кнігаўка; некалькі дзесяткаў варон праляцела над Зосяю, кіруючыся на Сілцы. Белы валь луні распасьцёрся над зеляньню поплаву, значна астудзіўшы паветра. Промень на захадзе з чырвона-палаючага рабіўся бурачным, а па краёх пераходзіў у буланы колер.

Гэты вобраз прырода малявала, як быццам-бы для аднэй Зосі, якая задуменна, нярухома стаяла пасярод зялёнага поплаву, як русалка, як здань якая. Яна здавалася дамалёванай, як неабходная часьціна цэльнасьці вобразу і без яе ўсё згубіла-б сваю прыгожасьць. Але Зося гэтага не заўважала: яна жыла сваім асобным, сабраным у яе істоце жыцьцём. Пакуль нямела сэрца ад цяжкага болю разлукі, яна стаяла на адным месцы, а толькі боль паціху прытупіўся, Зося кранула ў бок, паглядзела на лес і ў думках паслала: «Бывай здароў, Рыгор! Бывай здароў! Бывай здароў, мой мілы таварыш!»

Калі яна адвярнулася к Мастком, то ўгледзела Стэпу. Зося ступіла пару крокаў уперад, правяла яе вачыма і выказала спачуваньне. «Што думае яна, бедная маці? Яе таксама асіраціў Рыгор. Пакінуў-жа адну аднэю… Бедная! Шкада мне цябе».

Успомніўшы, зачым прышла ў поле, яна старанна, не зважаючы на нічога, нарвала повен мяшок травы і хутка цьвёрдаю ўпружыстаю паходкаю ішла ўздоўж мяжы к Сілцом.


IV

НА ДВАРЭ было цёпла, нават парна. З цёмна-машастовага неба глядзелі мільёны зорак. За Стэпінаю хатаю, у садку Лявона, чвырыкала начніца. З Капусьнікаў даносіўся жабін крэкт і перагук перапёлкі. Дзесьці на другой ці то Здобінскай, ці то Тыльнай вуліцы брахаў, завываючы, сабака; каля рынку ля-