скала бражджотка вартаўніка. Потым данясьліся да Стэпы песьні начлежнікаў. Паступова ва ўсіх хатах пагасьлі агеньчыкі, толькі ў Прыдатных яшчэ ня спалі.
Стэпа цішком сядзела, міжвольна прыслухоўваючыся да кожнага зыку. Паціху разьбягаліся думкі, разбаўляючыся ў некую шэрую мешаніну. Усё больш і больш выплывала ўтома, няволіла яе, зьвязвала суставы цела і спыняла развой думак. Перш Стэпа працівілася гэтаму, бадзёрачыся і праз сілу паднімаючы плечы. Але скора абязмоцнела, сьцяжэла дарэшты і прытуліла голаў да сьцяны. Пачалі зьліпацца вочы, і раз-по-разу яна стала забывацца ў салодкай дрымоце; адзнаньне працівілася — ёй не хацелася заснуць на прызьбе: зусім ніякавата будзе, калі хто ўгледзіць. Але штосьці прыцягала яе да месца і не давала магчымасьці падняцца ды пайсьці ў хату. І Стэпа паціху, няпрыкметна заснула, шчыльна прыліпшы к сьцяне. Заснула і, як-бы ў працяг думак, раптам усталі прад ёю сны. Ні адтуль, ні адсюль яна апынулася ў нейкім вялікім горадзе, шумным і цесным. Высачэзныя муры туга сьціснулі вузкія, крывыя, цёмныя ад пылу і дыму вуліцы. Тысячы разьюшаных, нібы напалоханых людзей нясупынна швэндаюць у абодва канцы, кожны самотна, кожны па адным, бяз усякае цікавасьці да ўсіх. Шум, крык, як на кірмашы, глушыць і цісьне на голаў, нэрвуе. Як угарэлыя, носяцца самакаты, тарашчаць рамізьнікі, прабягаюць вагоны. Нехта ўкінуў яе ў гэты вадакруг людзкі, вывеў на вуліцу і пусьціў ісьці. Яна рушыла з месца і, як трэсачка, падхопленая на бурныя хвалі, паплыла ўсьцяж глыбокае разоры-вуліцы. Ідзе-нясецца, мінае бясконцы лік агромністых блішчастых вокан, шэрагі слупоў, сотні народу. Пачынае мігацець у ваччу, дурніць у галаве; ад цьвёрдых каменьняў з няпрывычкі шчымяць ногі. Жалезнымі абручамі гняце задушлівы цяжар, перамагае яе і пачынае блытаць ногі; міжвольна сьцішаецца хада. Стэпа чуе, што яна замінае другім, што людзі, якія натыкаюцца на яе, незнарок штырхаюць, лаюцца і зварочваюць у бакі. Але нічога ня можа зрабіць — не хапае сілы, каб пасьпяваць разам з другімі і, нарэшце, падае на цьвёрдыя каменьні тротуару. Да яе падбягаюць людзі, шумяць, крычаць, пасылаюць хто за доктарам, хто за рамізькікам. І раптам у вагульным шоламе галасоў яна чуе чыйсьці блізкі, знаёмы ёй голас-вокліч: «Стэпа-а! Стэ-па-а!» Сьледам працягнутая рука прабуе яе варушыць, катурхае. Стэпа