— Як хутка, аднак, прамінуў час, — я і не аглядзелася.
— Ды яно ўсё хутка прамінае. Толькі, здаецца, учора ты, я помню, замуж выходзіла, а цяпер — глядзі: і мужа пасьпела пахаваць, і сына красаўца выгадавала; выгадавала і на чалавека зрабіла. Паглядзі, ён пан у цябе, людзкі, гарадзкі чалавек. Ходзіць па мястэчку, і ўсе зайздросьцяць.
Сафрон зацягнуўся люлькаю і ўсьлед зацяжна ўздыхнуў.
— Нябось, сьпіць ён у цябе соладка і не патурае, што маці сядзіць на вуліцы з хвораю галавою.
Стэпа глыбока ўздыхнула і ойкнула ўголас, ажно Сафрон настарожна павярнуўся да яе.
— Дзе ты, Сафронка, бачыў — сьпіць; ён у мяне ня гэткі, каб спакойным быў, калі маці прыхварне ці занядужае. О, мой Рыгорка — залаты чалавек, шчыры сын мой, толькі… — надышоўшая к горлу горнасьць не давала спакойна казаць: — толькі… толькі… майго родненькага няма ўжо ўдому… Учора ці сёньня — як тут лічыць — я зноў правяла яго з дому.
— Знача, ты зноў адна? — зьдзіўлена запытаў Сафрон.
— Адна, Сафронка, аднюсенька-адна.
— Так, так, — спагадліва заматаў галавою Сафрон: — таварышы мы з табою, Стэфа, па сваім адзіноцтве. Праўда, ты яшчэ хоць трошкі, але шчасьліўшая за мяне, бо ўсё-ткі, хоць ня дома, а маеш сына. Ну а я… — Сафрон махнуў рукою: — а я, вось пяты год ужо, як апошнюю дачку пахаваў. Пахаваў дачку, а з ёю і ўсё, што мяне яшчэ цікавіла ў жыцьці. Цяпер адзін, як той саўлук, цягаюся начніцаю, бражджу-бражджу, як пахавальным звонам, праводжу сваё астатняе, валацужнае жыцьцё, непатрэбнае ні мне самому, ні другому каму. Вось, як гэтая ноч, гэткае яно ў мяне — цёмнае, бяспросьвітнае, жорсткае і балючае. Ведаеш, Стэпка, кляну яго, заклінаю, напрошваюся сьмерці — бо абрыдла жывым гніць, канаць адарваным ад жыцьцёвага грунту… Але скаргаў маіх ня чуе ніхто, і я вось рухаю, хаджу, сьцерагу, бражджу. Бражджу, бо нехапае пакуль у мяне сілы налажыць на сябе рукі. Няма сілы — раз; а па-другое, можа і грэшна жывасілам зьвярэджваць жыцьцё. Велена лёсам так жыць — трэба жыць. І, бачыш, жыву… — Сафрон зарагатаў, і ў яго рогаце пачулася варожая зьнявага да ўсіх бядот уласнага жыцьця, да яго пагарды над ім, Сафронам.