Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

даўся раз, і больш — бывайце здаровы назаўсёды? — запытаў Сёмка.

— О, не! Я еду ў горад, каб вучыцца ў ім не для аднаго сябе.


II

СЁМКА з увагаю выслухаў Рыгора; яму цікавым было кожнае слова таварыша. Яго ўдумная, грунтоўная гутарка, выяўляла перад Сёмкам нязвычайнага чалавека, якому патрэбна вучыць, а ня вучыцца. Сёмка ясна адчуваў, наколькі Рыгор вышэй яго ў ведах. І гэта яшчэ больш наварочвала яго сымпатыю да Рыгора. Тая спагада, што пракрадалася ў яго сэрца да таварыша, уступіла месца пачуцьцю радасьці таму, што Рыгор выяжджае з Сілцоў. «Сапраўды, — рашаў Сёмка: — што там зямля, лішні кавалачак яе! Што з таго, калі я маю нейкую гаспадарку: хату, палоску поля, каня, пару кароў? Неадгінна верцішся ў гразі, у пыле, рыешся, як крот, кладзеш сілы на працу, а ні прасьветласьці тае, а ні прыемнага скутку. Толькі адцягае цябе ад змаганьня, прывязвае да ўласнасьці і атупляе пачуцьцё протэсту, чыстату пазываў. З Сілцоў — нікуды. А гэтыя Сілцы так і ацягаюць цябе ўніз, так і засосваюць цьвілою будзёншчынаю. А Рыгор! Што яму? Сьвет адчынен ва ўсе бакі — мерай, лятай. І ён добра робіць, што настойна дамагаецца, каб больш сьвету пабачыць, каб чым больш навучыцца і стаць сьвядомым чалавекам. Шчасьлівы, што мае рашучасьць. Мне пакуль гэтага не стае».

— Ну, а скажы, Рыгор, — запытаў Сёмка таварыша: — ты там, у горадзе, ужо і блізкіх людзей маеш і дружбу вядзеш з імі, забываючы нас?

Рыгор усьміхнуўся.

— Чаму не! Таварышаў лёгка ўсюды знайсьці, тым болей у тых абставінах, якія адналькова ўплываюць на людзей. Вось хоць-бы завод узяць: тут ўжо ўсе працаўнікі аднэй долі, аднаго багацьця, адных ўмоў жыцьця. Кожны жыве стукам молата, вёртам машыны, скрыгаценьнем напільніка. Я, другі, дзесяты… Амаль роўныя заработкі ва ўсіх. Роўна, таксама, кожнаму сьвеціць праз мурзатыя вокны сонца, роўна дурманіць чад, роўна пыл і жалеза разьядаюць лёгкія. І трэба тры-чатыры дні, ну