лефон, а пры ім чыйсьці голас нясьціханна выкрыкаў: «Что-о? Говори-ите-э? Слушаю, я слушаю»… І звон тэлефону і крык пры ім раз-по-разу перабіваў рэзкі сьвісток паравоза, які прабягаў між окны станцыі і голасна сьвістаў, адгукваючыся на сьвісьцёлкі стрэлачніка то ў адным, то ў другім канцы станцыі.
Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два парожных крэслы, падышлі і занялі іх.
— Ты пастой, Сёмка, а я куплю білет, — праказаў Рыгор і пабег да касы.
— Добра.
Сёмка не агледзеўся, як Рыгор вярнуўся назад.
— Цяпер можна перакусіць сяго-таго. Чаго-б ты хацеў?
— Усё роўна; вазьмі гарбаты і каўбасы з хлебам.
Рыгор падышоў к буфэту і прынёс усё тое, што Сёмка загадаў. Абое хутка справіліся з гарбатаю, і Рыгор прынёс яшчэ па шклянцы. Закусваючы, хлопцы маўчалі: Рыгор над нечым пільна раздумоўваў, угледзеўшыся ў шклянку, а Сёмка з гостраю цікавасьню сачыў за станцыйным рухам. Ці ўваходзіў пасажыр, ці прабягаў чыгуначнік, ці раздаваўся сьмех, вокрык які, Сёмка адварочваўся, лавіў яго і адказваў настарожанасьцю. І калі ён час-ад-часу ўспамінаў, што яму вось-вось прыдзецца разьвітацца з Рыгорам і варочацца назад у Сілцы, яго ахоплівала няпрыемнае пачуцьцё, вялікая неахвота варочацца аднаму. Сёмку прыкоўвала да сябе ўсё тое, што ён бачыў перад сабою на станцыі і што выглядала ў яго ваччу новым і прыемным. Вось узяць-бы тых дваіх — кабету і мужчыну, — што прытуліліся адно да другога, седзячы на лаўцы, і соладка, апойна храпуць. Сёмка не разумеў іх нядбайнасьці ды бясьцікаўнасьці да ўсяго і думаў аб сабе, што давядзіся-б яму прабыць на станцыі хоць трое ночаў, ён і не ўздрамнуў-бы нават: сядзеў-бы і пільна сачыў за кожным рухам станцыйнага жыцьця. А каб гэта яшчэ яму давялося паехаць куды чыгункаю! Як-бы цікава было бачыць жыцьцё буйных вузлавых станцый, дзе, па словах Рыгора, людзі кішаць, як мурашкі ў мурашніку! І тая думка, што ўжо раз уставала перад ім у дарозе, калі ён прыглядаўся на пасажыраў, якія пакідалі свае месцы, як і Рыгор, і кудысьці з падворку спакойліва ад’яжджалі, — думка паехаць у горад да Рыгора зноў выбілася на поверх, падгастрылася руплівасьцю і засьвідравала ўнутры. Ехаць… ды ня то, што пачакаўшы, пры