— Нічога цікаўнага; звычайна, як на станцыі, — вымавіла дзяўчына да Рыгора.
— Так, пойдзем на месца.
Пакуль яны стаялі ў дзьвярох вагону, к ім падсела чатыры пасажыры: старая сялянка, сярэдніх гадоў мужчына, маладзіца — яго жонка, і пажылая кабета.
Усе з іх пазаймалі вольныя месцы, не пакушаючыся на тыя, што былі заняты Рыгорам са сваёю падарожнай.
— На нашы месцы ніхто не пасягаў? — запытаў Рыгор у старое сялянкі.
Тая пільным узрокам агледзела як Рыгора, так і яго новазнаёмую дзяўчыну, і ўверана адказала:
— Каб хто і пасягаў, то мы не дапусьцілі-б; раз месцы заняты, ужо не закон іх перахопліваць. Тут двое кабецін намерваліся сесьці, але мы сказалі ім, што месцы заняты.
— Дзякуем вам! — падзякаваў Рыгор і сьледам прагаварыў да дзяўчыны:
— Вы мо’ спаць хочаце?
— Не, на станцыі, прызнацца, троха і хацелася, а цяпер зусім не.
— А калі хочаце, то будзьце ласкавы, — я вас з прыемнасьцю павартую.
Прапануючы сваёй падарожніцы спаць, Рыгор зусім не хацеў, каб яна забралася на полку і спала, пакінуўшы яго аднаго сядзець; яму жадалася, каб дзяўчына сядзела перад ім, а ён глядзеў-бы на яе. Рыгор і сам адчуваў цяжар дарогі і бяссоннай ночы, але крапіўся, змагаўся з утомай і млявасьцю, адганяў дрымоту і казаўся вясёлым і бадзёрым…
Праз некі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца.
— Вось ужо колькі часу, як мы знаёмы, а яшчэ ня ведаем нават, як кожны з нас завецца… Вы, мабыць, ня маеце імя, прыгожая незнаёмка?
Лёгкі сьмех пакрыў яго дабротны твар. Дзяўчына таксама какетліва ўсьміхнулася.
— Я то з імем, ну, а вы, напэўна, без яго…
— Якое-ж яно ў вас, цікава?
— А вам канечна хочацца ведаць?
— Хочацца… як вам сказаць; яно-б і ня шкодзіла.