пускаюць чамусьці на пабыўку; а паглядзець хочацца, як і што ён там маецца. Ды мне ня вельмі далёка: маё месца вось зараз за Малажаваю, а з Ліцку я еду выпадкова — была там у госьцях у брата. Гадоў з дваццаць ня бачыліся, дык як прыехаў надоечы — рады няма: прыстаў, каб я наведала яго. Вось я мусіла паехаць і прагасьціць тыдзень; а зараз еду ад яго і проста, ня злазячы, да сына. Вось брат даў крыху сала, каўбасак са тры, і я вязу. Мацерына сэрца, дзеткі, — як не наведаць роднага дзіцяці. Ён сын у нас вельмі паслушны і добры; заплакаліся, калі бралі ў салдаты. Але… хаця-б вайны ня было, а паслужыць-то, хай сабе паслужыць. Год за годам і пройдуць гэты гадкоў тры. А чаго добрага, узбурыцца вайна, тады ўжо хто ведае, як яно выдзецца, ці давядзецца яму вярнуцца дамоў! А дома, бач, мы ўжо і дзяўчыну нагледзелі яму; прыгожая, як лялечка, Несьцера Капыла дачка — вам ён невядомы, пэўна? Вось гэткая ружачка, як ты, мая котка…
Гутарачы, бабулька весь час рухала на месцы, размахвала рукамі, палажыўшы пры сабе клунак, і старалася ня спусьціць вачэй ні з Рыгора, ні з Ганны. Завязаная пад бараду старая шаліновая хустка паціху зьехала ў старае з галавы і агаліла сівыя рэдкія косы; бурнос яна расшпіліла сама, бо ў вагоне было душнавата. Відаць было па тэй шчырасьці, якою бабулька справодзіла гутарку, што гаварыць для яе — вялікае здавальненьне і што за сваё жыцьцё ёй нямала прышлося пашчабятаць.
Ганна з цікавасьцю, з цёплым уміленьнем сачыла за іх гутаркай.
Яе карціла жаданьне як найхутчэй кончыць дарогу, выйсьці з цеснага душнага вагону і ачуцца на вуліцы Рыгі, а там — або ў парку, або за горадам, на беразе шырокае Дзьвіны на ўзмор’і. Уставалі вобразы перажытых хвілін, калі яна часта з паштавіком Андрэем адпраўлялася на гулянкі на ўзмор’е ці на ўзьдзьвіньне. Музыка, месячныя ночы, лёгкія туманы, неагляднасьць вадзяных прастораў затокі. Андрэй, вясёлы, рэзвы, услужны бязумоўна закаханы ў яе. Гэта месяц таму назад… А цяпер? Не, цяпер яна не хацела-б жыць з Андрэем. Рыгор зацьміў яго сабою. І Ганна ў самых дробязях пачала маляваць перад сабою вобразы надуманае стрэчы з Рыгорам