у Рызе, стала выяўляць тое пачуцьцё, якое, бязумоўна, захопіць яе, і тыя словы, якія павінны будуць казацца.
Чым глыбей удавалася яна ў думкі, тым з большай прагаю жадалася хутчэй ёй даехаць да месца. Пагнала-б цягнік, каб магла, выскачыла-б ды паляцела, каб не баялася. Што можа стацца за дарогу? А мо’ Рыгор толькі з першага ўзроку падараваў ёй столькі ўвагі, а надалей астыне, зачарсьцьвее, адумаецца? У сьвеце так многа выпадковага! Мала з кім прыходзіцца ў дарозе стрэцца ды пагаварыць! Але што-ж з гэтага? Вышаў з вагону — выпусьціў з памяці. «Ці-ж ня можа таго стацца між мною і Рыгорам? Хто знае, што крыецца ўнутры гэтага чалавека? Ён гаворыць са мною, уважліў да мяне, як уважліў да гэтае бабулькі. Пад’едзем к Вільні — бабулька зьлезе і ніякага сьледу не пакіне па сабе. На яе месца сядзе другая, трэцяя, а мо’ і… дзяўчына. Скажа да Рыгора слова, кране яго за сэрца ласкавай ухмылкаю — а гаражанкі ўмеюць гэта, — і ён заварожыцца, пакінуўшы мяне. Гой, ня было-б толькі таго!»