ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
I
БЫЎ ПОЗЬНІ ВЕЧАР, калі яны прыехалі ў Рыгу. Вакзал тануў у празрыстых агнёх электрыкі. Сотні разубранай публікі швэндалася па прасторным пэроне ўзад ды ўперад. Сапло гарадзкою нэрвовасьцю, рухам і заклапочанасьцю.
Толькі Рыгор з Ганнаю вышлі з вагону, як іх зразу абдаў цяжкі, зьлітны ў адзін тон, прыгнятаючы гуд. Панясло сьпёртаю духатою і некім удушлівым смуродам. Рыгор паспрабаваў загаварыць к Ганне, але выказанае ім слова раптам заглухла. Яны маўкліва ў гушчы пасажыраў вышлі праз вакзал на вуліцу, адышлі к боку і прыпыніліся: трэ’ было абмяняцца плянамі, як і што ехаць на кватэру і калі ды дзе стрэцца. Але толькі яны сталі, як тут-жа падбеглі да іх двое чалавек — рамазьнік і пасыльны з готэлю — і пачалі набівацца з пропозыцыямі.
— Я адвязу, куды трэба, — некалькі разоў засаб пераказаў рамізьнік.
— Можа нумарок паном трэба? У нас чысьценькая, ціхая гасьцініца. Зусім нядорага.
— Не, не, мы нікуды не паедзем, — адказваўся Рыгор, і, калі яго ня слухалі, ён кінуў аднеквацца.
— Табе куды ехаць? — абярнуўся Рыгор да Ганны на ты і сумеўся. Але Ганна прыняла яго фамільярнасьць за звычайнасьць і не зьвярнула на яе жаднае ўвагі, сама перайшоўшы на абыходжаньне ў першай асобе.
— Тройкаю, — адказала Ганна: — а ты як паедзеш?
— Я направа… Вось табе мой адрас.
Рыгор падаў Ганне картульку, хочучы яшчэ штосьці сказаць ёй, але раптам з-за вугла паштовага будынку паказаўся трамвай.
— Ну, вось, садзіся ды паедзеш.