— Куды там мне на пабыўку, — весела адказаў Міхась і тут-жа сьцішаным голасам дадаў: — у нас хутка можа разыграцца гэткая рэч, што ўсе зараз адправімся на пабыўку, ды на доўгую…
Рыгор настаражыўся і з задзіўленьнем запытаў у Міхася:
— А ў чым справа?
— Пачакай, я табе раскажу ўсё: давай паперш справім дзела ў канторы… А пакуль скажу, што ты вельмі добра зрабіў, што пад’ехаў к часу: цяпер кожны чалавек павінен быць на ўлічэньні. Тут завязваецца такі вузёл, што — ой, ой, ой!..
Рыгор цалком захапіўся Міхасёвым паведамленьнем і ўжо забыў нават зачым ідзе ў кантору. Усе пляны і настроі раптам вылецелі з галавы, і распаленая ўвага завярцелася каля пачутага ад Міхася. Некая бадзёрая трывожнасьць ахапіла ўсю яго істоту і рэзкім сьвярбячым казлытаньнем забегала па целе.
Міхась аперадзіў яго на некалькі ступенек і першым падбег да дзьвярэй канторы, азірнуўшыся на Рыгора.
— Што-ж, прыняў блізка да сэрца тое, што я сказаў?
— Наадварот, я зарадваўся вашай вестцы.
У дзьверы абое ўвашлі моўчкі, а ў карыдоры Рыгор запытаў Міхася:
— А вы чаго ў кантору?
— Ды, вось, трэба атрымаць за звыштэрміновую работу.
— А сёньня вы не на рабоце?
— Да полудня працаваў, а з полудня гуляю: трэба было скончыць некаторыя дамашнія справункі; распачаў калі ўжо і цягнуліся дагэтуль… Ну, а ты як прагуляў пабыўку?
— Эт, ні то ні сё… а ўсё-ж такі крыху спачыў…
— А чаму так — нявесела?
Рыгор не пасьпеў адказаць: яны ўвайшлі ў пакой, разгароджаны на некалькі каморак стройнаю драцяною загарадкаю, з невялічкімі акенцамі, як-то бывае на пошце ці ў банку. За загарадкаю, на свабодна расстаўленых сталох, працавала шмат канторшчыкаў і рахавальнікаў. Бражджэлі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Аднак, апошняе не перашкаджала шпарка і даладна здавальняць наведнікаў-рабочых, якіх перад кожным акенцам стаяла па некалькі чалавек. Сярод рабочых было многа знаёмых Рыгору і Міхасю.