— Выбачай, што я ў сонным выглядзе: натупаўся за дзень па справах і змардаваўся.
— З гэткай цікавасьцю мяне чакаў? — падцяла Ганна.
— Што-о ты… пакінь.
— Садзіся… А я ўжо думаў, што ты… можа і ня прыдзеш?..
— Спаў і думаў?
— Перад сном…
Ганна прысела.
VII
РЫГОР ДОЎГА ГЛЯДЗЕЎ НА ГАННУ, стаючы побач: і ў поофіль твару, абгорнутага русымі косамі, і на галаву, якая густа ўбіралася чыстымі ільняністымі палойкамі гэтых кос, сабраных на задзе галавы ў багатую, абаранкамі, куклу; зьбегаў яго ўзрок па белым сьнежным полі шырокіх роўных плеч да перацятае стужкаю паясьніцы; зьмераў рукі, танклявыя, мармуравыя, за локці аголеныя; асьмельваўся прыкмячаць белыя туфлі і нацельнага колеру панчохі. Рад быў, што ніхто, што сама Ганна, не перабіваюць яму любавацца маладою дзяўчынаю.
Рыгор не чакаў, а рука сама апусьцілася Ганьне на правае плячо. Тая здрыганулася.
— Чаго ты?
Маўкліва Ганна паднялася, прашла некалькі разоў па пакоі, пасьля прысела на ложку.
— Садзіся, — паказала рукою. — Якая ў цябе строгая гаспадыня! — калі Рыгор сеў — сказала Ганна. І паглядзела яму ў вочы мяккім, але пранозаватым узрокам. Рыгор абняў яе, прыціснуў да сябе і пацалаваў.
— Гэта работніца, бач?
— Ня ведаю, тоўстая гэтая, пляскататварая.
Рыгор засьмяяўся.
— Праўда, праўда! Абараняе цябе.
— Малайчына.
— Добра жывіцё з ёю?
— А не сварымся.
— Ну, ну, скажы?