Ганна бязвольна апусьціла голаў яму на грудзі.
— Я ўтамілася сёньня ня менш твайго.
— Якім чынам?
— Я прагавіта, запойна чакала вечару, каб хутчэй убачыцца з табою, Ты паверыш?.. Утамілася, хачу прылегчы… Папраў падушку…
Рыгор выпаўніў просьбу і ўстаў.
— Ты баішся, каб я цябе ня прыспала? Садзіся… Бліжай, яшчэ бліжай… Кажы мне што; як ты правёў дзень? Ці чакаў мяне?.. На вуха, прыхіліся, я ня чую…
Яна закінула руку яму на шыю, прыцягнула да сябе.
— Ты чакаў мяне? А спаў, нябось; нават выйсьці адчыніць не схацеў… Даў мажлівасьць вылаяць мяне, праэкзаменаваць… Чуеш! Я сама набіваюся табе, надазаляю… Кажы, каб…
Яе словы ціхлі водлуг таго, як Рыгор усё шчыльней прытуляўся да яе, пакорны, адданы яе разьюшанаму жаданьню, паслушны рухам яе рукі… Ганна спавядала яго, ён маўчаў, баяўся супярэчыць, шкадаваў — бо мілаваў яе зацяжны выказ плаўных сказаў, трапяткіх зыкаў, шаўкавістага тону ў голасе. Яшчэ ня чуў ён да гэтага моманту падобных напеваў, не прабаваў гэткае асалоды ў ценькіх вібрацыях агрэтага густым подыхам шэпту. «Спачывай, спачывай, мая мілая», білі думкі ў галаве.
Гарэла лямпачка пад стольлю, і шэры змрок ліў у вакно алавянае праменьне. Туманнае сьвятло аблівала каморку, скрадаючы ўбогасьць яе абсталяваньня…
VIII
КАБ ХТО ЗАГЛЯНУЎ у пакой Рыгора праз гадзіну, то ўгледзіў-бы, як двое маладых істот маўкліва стаялі ў акне і пільнымі, праглівымі вачмі паглядалі на белаватае, нібы затуманенае неба, якое скрадала зыркасьць зор і пекнату лазурку, нізка ападаючы на шэрыя дахі муроў. Здалёку да іх даходзілі гукі сьвісткоў, прытоены, нібы падземны гул і пісклявыя зацяжныя ноты скрыпкі. У каморцы, за іх сьпінамі, было сьвятлей, ніж на дварэ, але ніводнаму з іх не хацелася аглядацца, каб не абудніць настрою, які паціху ападаў, сыходзіў з апогею ўздымнасьці. Зыкі скрыпкі справодзілі яго да роўнаважнасьці, але помеж выклікалі перажытыя хвіліны, тым ці іншым зьвязаныя з іх спат-